Дзяржабвінавачанне запытала для праваабаронцы Судаленкі 3 гады калоніі

У Гомелі працягваецца суд над прадстаўнікамі праваабарончага цэнтра «Вясна». Дзяржабвінавачанне запытала для Леаніда Судаленкі 3 гады калоніі.

sudalenko_foto.jpg


Такі ж тэрмін дзяржабвінавачанне запытала для валанцёркі арганізацыі Таццяны Ласіца. Для валанцёркі Марыі Тарасенка — два з паловай гады.
Нагадаем, па хадайніцтве пракуратуры судовыя пасяджэнні праходзяць у закрытым рэжыме. Праваабаронцаў вінавацяць па двух частках артыкула 342 КК РБ — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».
Абвінавачанне Леаніду Судаленку прад'явілі 28 траўня. У лісце, які прызнаны палітвязнем праваабаронца даслаў з Гомельскага СІЗА сяброўцы, было сказана, што адным з фактаў, якія яму прад'явіла абвінавачанне, стала дапамога з дровамі шматдзетнай сям'і з вёскі.
«Следства палічыла гэта арганізацыяй пратэстаў. Таму што потым, у лютым, бацьку трох дзяўчынак прыцягнулі за пратэсты», — пісаў Судаленка.
Таксама, як паведамляла «Радыё Свабода», яшчэ адным фактам, на якім будуецца абвінавачанне, стаў допіс праваабаронцы ў Facebook, дзе ён прапанаваў сустрэць жыхарку Гомеля, якая вызваляецца з ізалятара.
«Гэта значыць, што я арганізоўваў натоўп і хацеў яго кантраляваць», — каментаваў у лісце праваабаронца.
Таксама, паводле інфармацыі ПЦ «Вясна», сярод дзеянняў, якія ставяцца ў віну Судаленку, — правядзенне семінара па лічбавай бяспецы для праваабаронцаў, аплата штрафаў, пошліны за зварот у суд і дапамогу адвакатаў.