Эксперт: Беларусь можа страціць права адміністраваць даменную зону BY
Аператыўна-аналітычны цэнтр пры Лукашэнку выдаў загад, згодна з якім ён будзе ануляваць дамены, уключаныя ў спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Але ў выніку ўлада можа згубіць кантроль над самой даменнай зонай BY. Праўда, справа гэта не хуткая.
Пра тое, навошта ануляваць дамены, і якія гэта можа мець наступствы, Reform.by пагаварыў з экспертам iSANS на ўмовах ананімнасці.
«Загад ААЦ — фармальнае замацаванне і прывядзенне ў заканадаўчую рамку становішча, якое дэ-факта існуе на працягу апошніх гадоў. Логіка функцыянавання дзяржавы такая, што яна вельмі дрэнна працуе ў сітуацыі, калі «не да законаў», чыноўнікам гэта некамфортна, і яны спрабуюць надаць бачнасць законнасці сваім дзеянням. ААЦ перапісаў інструкцыю, згодна з якой цяпер можна нібыта па законе адбіраць дамены ў беларускіх медыя, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі» або «экстрэмісцкімі фармаваннямі».
Улады і да гэтага не саромеліся адбіраць дамены, але гэта рабілася па фармальных падставах, напрыклад, пры немагчымасці ўладальніка дамена асабіста падаць дакументы, якія пацвярджаюць валоданне даменам. Бо большасць рэдакцый вымушана была з'ехаць за мяжу, яны не маглі асабіста падаць такія дакументы і пазбаўляліся даменаў. Цяпер права забіраць дамены замацавана заканадаўча», — кажа эксперт.
Са слоў экспэрта, пастанова ААЦ падрывае міжнародны кансэнсус, у выніку якога гэтая структура стала адміністратарам нацыянальнай даменнай зоны.
«Сістэма кіравання даменамі пабудавана па міжнародных правілах. Такія рашэнні прымаюцца трыма стэйкхолдэрамі: грамадзянскай супольнасцю, дзяржавай і бізнесам. Беларусь — тыповы выпадак, і тое, што Аператыўна-аналітычнаму цэнтру прадастаўлена права быць нацыянальным адміністратарам даменнай зоны BY — было кансэнсусным рашэннем, ухваленым бізнес-асацыяцыямі, прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці і дзяржавай, якая прапанавала ААЦ у якасці адміністратара даменнай зоны. Такі кансэнсус быў ухвалены міжнароднымі структурамі. Цяперашняе рашэнне ААЦ не толькі парушае міжнародныя правілы, але цалкам падрывае логіку гэтага кансэнсусу. Беларускія ўлады гэта разумеюць, і менавіта гэтае разуменне доўгі час утрымлівала іх ад прыняцця такога рашэння. Цяпер яны перасталі саромецца», — кажа ён.
Эксперт кажа, што ААЦ можа пазбавіцца права кіраваць даменнай зонай BY, але гэты працэс зойме шмат гадоў.
«Рашэнне аб канфіскацыі права ААЦ быць нацыянальным адміністратарам даменнай зоны — складаная, шматузроўневая і, хутчэй за ўсё, шматгадовая працэдура. Сістэма кіравання Інтэрнэтам заснавана на правядзенні рэгіянальных і міжнародных форумаў, і перш за ўсё гэтая праблема павінна быць пазначаная на такіх мерапрыемствах. Пакаранне беларускіх уладаў за канфіскацыю даменаў — вельмі складаная задача для беларускай грамадзянскай супольнасці і бізнесу, таму што для яе рашэння прыйдзецца пераканаць міжнародную супольнасць у значнай ступені перагледзець устояныя падыходы.
Ускладняецца гэтая задача тым, што дагэтуль у свеце не было такіх прэцэдэнтаў проста таму, што мала якія краіны гэтак радыкальна вырашаліся на цэнзуру, як гэта робяць беларускія ўлады. Гэты працэс нават не абавязкова прынясе вынік, але ўжо сам яго пачатак у істотнай ступені ўскладніць жыццё беларускім дзяржаўным чыноўнікам і бізнесам, якія зарабляюць грошы ў рамках сістэмы, пабудаванай беларускай дзяржавай», – лічыць эксперт.