Экспертная камісія рэабілітавала першую паласу «БелГазеты»
Рэспубліканская экспертная камісія па прадухіленні прапаганды парнаграфіі, гвалту і жорсткасці па запыце «БелГазеты» правяла экспертызу фатаграфіі, размешчанай на першай паласе газеты ў нумары за 30 траўня.

Нагадаем, «Белсаюздрук» прыняў рашэнне зняць дадзены нумар газеты з продажу, палічыўшы недарэчным здымак на першай паласе — быка ў працэсе асемянення каровы.
Як паведамляе ў «Фэйсбуку» адзін з аўтараў «БелГазеты» Зміцер Растаеў, вывучыўшы ілюстрацыю, камісія прыйшла да высновы, што тая «не ўтрымлівае элементаў эротыкі, парнаграфіі,заафіліі, гвалту і жорсткасці. Па жанры гэта інфармацыйны фотаздымак, на якім зафіксавана праца спецыяліста па ветэрынарыі і заатэхніцы».

Здымак, які стаў прычынай скандалу, належыць агенцтву Reuters і да «БелГазеты» публікаваўся ў многіх іншых друкаваных і сеткавых выданнях.
Як адзначае Зміцер Растаеў, «зняўшы нумар з продажу ў Мінску і Мінскай вобласці, кіраўніцтва «Белсаюздруку «дэмакратычна прапанавала рэгіёнах самім вырашаць, пускаць яго ў продаж ці не. У выніку самымі прасунутымі апынуліся Гродна, Гомель і Магілёў — там «скандальны» 20-ы нумар распаўсюджваўся на мінулым тыдні разам са «звычайным» 21-м».
Паводле naviny.by