Эксперты ААН заклікаюць Беларусь вызваліць асуджаных «за наркотыкі» ў сувязі з COVID-19

Эксперты ААН па правах чалавека 7 траўня заявілі, што колькасць выпадкаў захворвання COVID-19 у Беларусі, якая няспынна расце, павінна прымусіць урад неадкладна вызваліць дзяцей і маладых людзей, пазбаўленых волі за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі.

505_oon5.jpg


Пра гэта гаворыцца на сайце Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН.

"Урад Беларусі павінен прыняць тэрміновыя меры для абароны здароўя і бяспекі асобаў, якія ўтрымліваюцца пад вартай, у прыватнасці дзяцей і маладых людзей, асуджаных на непрапарцыйна доўгія тэрміны зняволення — да 12 гадоў — за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі", — адзначылі эксперты.

Яны зноў нагадалі, што з дзецьмі варта абыходзіцца такім чынам, каб гэта спрыяла развіццю пачуцця годнасці і значнасці, з улікам узросту дзіцяці і пажаданасці садзейнічання яго рэінтэграцыі і выканання ім карыснай ролі ў жыцці грамадства.

Эксперты заклікалі беларускія ўлады "ў што б там ні стала пазбегнуць затрымання дзяцей, вызваліць тых, хто не ўяўляе пагрозы для грамадства, і распрацаваць мадэлі і меры ў адказ, альтэрнатыўныя ўтрыманню дзяцей пад вартай, што асабліва актуальна ў святле пандэміі COVID-19".

"Ураду варта ўжыць прапанаваны закон аб амністыі да ўсіх асобаў, асуджаных за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, асабліва да дзяцей і маладых людзей", — параілі яны.

"Нягледзячы на тое, што ў дзяцей назіраюцца больш лёгкія сімптомы захворвання і больш нізкі ўзровень смяротнасці, чым у дарослых, улічваючы іх няўстойлівы стан здароўя ў месцах пазбаўлення волі і адсутнасць доступу да якаснага медыцынскага абслугоўвання, яны падвяргаюцца вялікай рызыцы захворвання і перадачы COVID-19", — сказалі эксперты.

У той час як у Беларусі не былі ўжытыя комплексныя меры фізічнага дыстанцыявання, колькасць выпадкаў COVID-19 рэзка ўзрастае з кожным днём і ўжо перавышае 17 000.

Эксперты ААН па правах чалавека: Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Анаіс Марэн; Рабочая група па адвольных затрыманнях: Хасэ Антоніа Гевара Бермудэс (старшыня), Лейх Тумі (намеснік старшыні), Эліна Штайнерт (намеснік старшыні), Сёнг-Філ Хонг і Сетонджы Роланд Аджові.

spring96.org