Эсдэкі падводзяць вынікі кампаніі «За бясплатную медыцыну»
Брэсцкая абласная арганізацыя Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) 24 мая пачала падвядзенне вынікаў кампаніі «За бясплатную медыцыну».

Ігар Маслоўскі падвёў вынікі кампаніі «За бясплатную медыцыну»
Як паведаміў старшыня абласной партыйнай структуры Ігар Маслоўскі, вынікі кампаніі будуць падводзіцца на тэматычных круглых сталах. 24 мая ён адбыўся ў Белаазёрску, 25 мая пройдзе ўБаранавічах. На 28 мая запланаваны ў Брэсце.
Палітык нагадаў, кампанію «За бясплатную медыцыну» партыйная структура пачала ў студзені гэтага года. Нагодай для гэтага стала размешчаная ў недзяржаўных СМІ
інфармацыя аб тым, што 21 снежня старшыня Баранавіцкага гарвыканкама Віктар Дзічкоўскі падчас абмеркавання праекта бюджэту Баранавічаў на 2013 год выказаўся аб увядзенні платы ў пяць
тысяч рублёў за наведванне паліклінікі.
У прынятай 16 студзеня партыйнай заяве абласная арганізацыя БСДП (Грамада) выказала пратэст супраць такой прапановы і заклікала палітычныя партыі, грамадскія і прафсаюзныя арганізацыі, жыхароў
вобласці публічна абмеркаваць пазіцыю старшыні Баранавіцкага гарвыканкама і выказаць сваё стаўленне наконт гэтага. Пад зваротам да мясцовых улад супраць увядзення платы за наведванне
паліклінік было сабрана больш як тысячу подпісаў.
Таксама партыйцы прапанавалі мясцовым саветам, прафсаюзам і грамадскім арганізацыям рэгіёну выказаць сваё меркаванне з нагоды ўвядзення платнага наведвання паліклінік. Адпаведны дакумент яны
накіравалі ў абласны, гарадскія і раённыя саветы дэпутатаў, абласное аб'яднанне прафсаюзаў, абласныя структуры грамадскіх арганізацый «Белая Русь» і БРСМ.
«У адказах, якія мы атрымалі з гэтых структур, няма ганьбавання прапановы Дзічкоўскага, але няма і ўхвалення яго ідэй. Мы лічым, галоўны вынік нашай кампаніі ў тым, што дзякуючы шырокай
публічнай інфармаванасці гэтага пытання і падтрымцы жыхароў вобласці прадухілена чарговая спроба камерцыялізацыі аховы здароўя. На наш погляд, гэта астудзіла запал чыноўнікаў па пазбаўленні
канстытуцыйных правоў грамадзян у гэтай галіне», — заявіў Маслоўскі.
Паводле яго слоў, падчас круглых сталоў з удзелам партыйцаў, іншых актывістаў дэмсіл, а таксама жыхароў рэгіёну будуць абмяркоўвацца не толькі вынікі кампаніі «За бясплатную
медыцыну», але і праблемы, якія хвалююць грамадзян, каб дапамагчы ў іх вырашэнні.
Ларыса Шыганава, БелаПАН