Еўрапейская федэрацыя журналістаў заклікае да санкцый ЕС супраць беларускіх лідараў

Еўрапейская канфедэрацыя прафсаюзаў (ETUC) і Еўрапейская федэрацыя журналістаў (EFJ) зноў заклікаюць Раду ЕС увесці адпаведныя санкцыі за фальсіфікацыю выбараў і гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў і журналістаў у Беларусі.

european_federation_of_journalists.jpg


EFJ (Еўрапейская федэрацыя журналістаў) мяркуе, што ЕС павінен неадкладна ўвесці санкцыі ў дачыненні да асоб у адміністрацыі Лукашэнкі (уключаючы дзяржаўныя СМІ) і беларускіх сілавікоў, якія маюць дачыненне да жорсткіх рэпрэсій
Разам з ETUC і Панеўрапейскім Рэгіянальным саветам (PERC) EFJ таксама заклікае Еўрапейскі Саюз перагледзець супрацоўніцтва з Беларуссю, у тым ліку ў рамках Усходняга партнёрства.
"Узмацненне падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасці, уключаючы незалежныя прафсаюзы, і спыненне любой фінансавай падтрымкі ЕС ураду і кантраляваным дзяржавай праектам, у тым ліку праз шматбаковыя банкі развіцця — таксама патрабуе тэрміновага рашэння», — гаворыцца ў лісце Генеральнага сакратара Еўрапейскай канфедэрацыі прафсаюзаў Лукі Вісенціні.
Дакумент накіраваны кіраўнікам Еўрапейскай камісіі, Савета Еўропы і Еўрапейскага парламента .
Еўрапейская канфедэрацыя прафсаюзаў падтрымлівае забастоўкі, якія ўжо праводзяцца на буйных дзяржаўных прадпрыемствах, у тым ліку ў дзяржаўных СМІ. Таксама Канфедэрацыя падтрымлівае патрабаванні вызваліць усіх, хто быў змешчаны ў ізалятары і турмы з 9 жніўня і далей па палітычных прычынах, і асудзіць любыя меры адплаты, уключаючы звальненні, за далучэнне да мірных пратэстаў.
"Мы заклікаем Раду Еўропы накласці найстражэйшыя санкцыі на тых, хто нясе адказнасць за рэпрэсіі супраць журналістаў і датычны да іх. Нельга літаваць кіраўніцтва дзяржаўных прапагандысцкіх СМІ. Пагрозы кіраўніка дзяржаўнага тэлебачання БТРК Івана Эйсманта ў адрас страйкоўцаў не могуць застацца беспакаранымі", — заявіў генеральны сакратар Еўрапейскай федэрацыі журналістаў Рыкарда Гут'ерэс.
Паводле БАЖ