Фанаты БАТЭ пакінулі матч з "Нёманам" у знак пратэсту супраць дзеянняў міліцыі
Чарговы скандал у беларускім футболе: у знак пратэсту супраць дзеянняў міліцыі на матчы БАТЭ — "Нёман" 30 чэрвеня стадыён пакінулі фанаты каманды гаспадароў.
Дэмарш адбыўся ў перапынку сустрэчы. "Прычына — прысутнасць на сектары супрацоўнікаў АМАПа і татальны надгляд перад уваходам", — паведаміў сайт фанацкага руху belultras.by.
Паводле інфармацыі рэсурсу football.by, супрацоўнікі міліцыі "адказалі фанатам адмовай на пранос
некаторых банераў, якія раней пастаянна вывешваліся на стадыёне, таксама не прапускаліся многія фанаты са сцягамі і шалікамі". Падчас гульні міліцыянеры "забаранялі фанатам
махаць сцягамі, актыўна падтрымліваць каманду". У другім тайме частка фанатаў БАТЭ вярнулася на стадыён, аднак месца ў прывычным для сябе сектары не займала.
Паводле просьбы журналістаў сітуацыю пракаментаваў галоўны трэнер БАТЭ Віктар Ганчарэнка. "Фанаты — гэта нашы самыя адданыя прыхільнікі. Не ведаю
прычыну, з-за якой яны пакінулі сёння стадыён. Мы іх не чулі, і гэта для нас страта, — прыводзіць словы Ганчарэнкі прэс-служба клуба. — Спадзяюся, няма ніякага пратэсту і на
наступную гульню яны вернуцца. Фанаты — неад'емная частка футбола. Шкада, што міліцыя часта ўмешваецца. Магчыма, службы правапарадку штосьці спрабуюць спыніць, але ў цэлым
здаецца, што да фанатаў ставяцца залішне жорстка. Гэта не ўпрыгожвае сітуацыю. Мы павінны нейкім чынам вырашыць гэтае пытанне. Бо і фанаты мінскага "Дынама" перасталі
прысутнічаць на сектары. Хаця і так запаўненне арэн у нас не вельмі".
Раней акцыю пратэсту арганізавалі фанаты мінскага "Дынама", абураныя перапісваннем іх пашпартных звестак на стадыёне. На нядаўняй сустрэчы з кіраўніцтвам ГУУС
Мінгарвыканкама, Беларускай федэрацыі футбола і клуба бакі прыйшлі да згоды.