Федэрацыяй шахмат будзе кіраваць Сычук з «Белавія», які быў у камісіі на выбарах

Беларускай федэрацыяй шахмат будзе кіраваць Сяргей Сычук з "Белавія", дзе ён працуе начальнікам аддзела кадраў, піша «Еўрарадыё».

5_36_zdjm7.jpg

Пра гэта стала вядома 30 лістапада на пазачарговай выбарчай канферэнцыі. Яна прайшла ў штаб-кватэры нацыянальнага алімпійскага камітэта, прысутнічаў кіраўнік НАК Віктар Лукашэнка. Таксама быў міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук. Прысутнічалі 20 дэлегатаў.
З 2017-га федэрацыяй кіравала Анастасія Сарокіна. Летась яна была адной з падпісантак ліста спартсменаў супраць гвалту сілавікоў і за новыя выбары ў Беларусі. У пачатку чэрвеня 2021-га стала вядома, што Сарокіна пакінула пасаду кіраўніцы Беларускай федэрацыі шахмат і з'ехала за мяжу. На сайце НАК адзначаецца, што яе адхілілі ад пасады 14 ліпеня, а абавязкі старшыні выконваў першы намеснік Аляксандр Шамко.
На прэзідэнцкіх выбарах 2020 года Сычук у складзе групы прадстаўнікоў "Белавія" працаваў у адной з участковых выбарчых камісій у сталіцы. Ва ўладаў да яго працы заўвагаў не было, інакш малаверагодна, каб ён заняў пасаду старшыні федэрацыі шахмат. Цікава, што нейкі Сяргей Сычук уваходзіў ці ўваходзіць у склад кіраўніцтва Беларускай федэрацыі паруснага спорту.