Фігуры тыдня: Святлана Маркіянавіч, Дар’я Домрачава, Селена Гомес
Святлана Маркіянавіч Ёсць жанчыны ў беларускіх паселішчах! Напачатку жніўня «Новы час» пісаў, што беларуска Святлана Маркіянавіч трапіла ў палон у Сірыі па падазрэнні ў шпіянажы на «Хезбала». Выбралася з палону беларуска таксама ў стылі Джэймса Бонда.
Святлана проста збегла з палону. Паводле цёткі Маркіянавіч, Ірыны Канстанцінаўны, Святлана і зняволеная разам з ёй грамадзянка Малдовы Карына Кальцо скокнулі з другога паверху будынка, дзе іх утрымлівалі. Яны здолелі дабегчы да святога для мусульман месца — мячэці, дзе іх прытуліў імам. Імам звязаўся з беларускім консулам, пасля чаго Маркіянавіч была перапраўлена ў Ліван.
Беларускія і малдоўскія дыпламаты займаюцца адпраўкай дзяўчат дадому. «Па наяўнай інфармацыі, беларуская грамадзянка знаходзіцца ў бяспечным месцы, яе жыццю нічога не пагражае. У цяперашні час прапрацоўваюцца варыянты адпраўкі грамадзянкі Беларусі на радзіму», — заявіла намеснік начальніка ўпраўлення інфармацыі МЗС Марыя Ваньшына.
«Зараз яна задаволеная, радасная, што жывая. Там ужо пайшлі пагрозы пра расстрэл, таму яны і вырашылі збегчы», — кажа Ірына Канстанцінаўна.
Цікава, а калі б размовы пра расстрэл не пайшлі, колькі б Святлана яшчэ заставалася з гарачымі арабскімі хлопцамі?
Дар’я Домрачава
Беларуская прыма біятлону стала адной з найбольш высокааплатных спартсменак у сваім сегменце. Па выніках мінулага сезону яна ўвайшла ў дзясятку самых багатых біятланістак. Домрачава здолела зарабіць 131 400 еўра.
На першым месцы апынулася Тура Бергер (Нарвегія) — яе заробак склаў 277 800 еўра. Бергер была непаражальная і нястомная: ні адной прапушчанай гонкі, уключаючы эстафеты, 11 перамог і 20 подыюмаў у 26 асабістых стартах, плюс хоць бы адно траплянне ў топ–3 на кожным з этапаў.
Рэальнае суперніцтва паміж Бергер і Домрачавай спынілася яшчэ да Новага года, прычым, у адрозненне ад Туры, па частцы заробкаў Дашы яшчэ і не вельмі пашанцавала з камандай. Восем эстафетных спробаў (дзве змешаныя плюс шэсць чыстых) не прынеслі Дар’і ані цэнта.
Зрэшты, Домрачава зараз з’яўляецца на беларускім тэлебачанні як рэкламны твар «Белдзяржстраха». Колькі ёй заплацілі за здымкі ў рэкламе і за гэтую дзейнасць — невядома. Але, напэўна, нямала.
Селена Гомес
Селена Гомес праз расійскую сістэму выдачы віз пакрыўдзілася на ўвесь СНД. Арганізатары канцэртаў Гомес афіцыйна заявілі пра адмену канцэртаў спявачкі ў Беларусі, Расіі і Украіне.
Як паведамляюць арганізатары, цяперашняя сітуацыя з’яўляецца адгалоскам скандалаў вакол канцэртаў Мадонны, Лэдзі Гага і «Bloodhound Gang». Мадонна і Лэдзі Гага падчас канцэртаў актыўна выказваліся ў падтрымку сэкс-меншасцяў у Расіі, выклікаўшы тым самым хвалю незадавальнення ў кансерватыўнай грамадскасці. Здавалася б: не падабаецца — не слухай. Але пасля гэтага афіцыйныя органы Расіі перагледзелі сваё рашэнне па выдачы расійскіх віз для замежных музычных і творчых калектываў. У выніку было забаронена выдаваць візы па лініі Міністэрства культуры, як гэта рабілася ў апошнія 20 гадоў.
У канцы жніўня ў выніку доўгіх перамоваў вядучых расійскіх прамоўтараў з МЗС РФ і ФМС РФ была ўзгоднена часовая працэдура афармлення расійскіх віз замежным артыстам па спрошчанай схеме. Арганізатары канцэртаў Селены Гомес здолелі падрыхтаваць неабходны пакет дакументаў на расійскія візы толькі да пачатку верасня, але менеджмент спявачкі адмовіўся афармляць іх у больш познія тэрміны і па новых правілах.
Услед за гэтым Селена Гомес вырашыла скасаваць дагавор і адмяніць усе выступы ў СНД, уключаючы Украіну і Беларусь. Больш за тыдзень арганізатары вялі актыўныя перамовы з прадстаўнікамі артысткі з мэтай правесці канцэрты, але змяніць сітуацыю не ўдалося.
Перыяд вяртання грашовых сродкаў за квіткі на мінскі канцэрт: 19 верасня — 19 кастрычніка.