Фотафакт. У будслаўскім касцёле завяршылі ўмацаванне купала
Пасля майскага пажару купал быў у аварыйным стане. У ім з'явіліся расколіны, якія павялічваліся. Таксама была страчаная верхняя абмазка, пачаў адслойвацца тынк на ўнутранай паверхні, пісаў catholic.by.

4 верасня стала вядома, што працы па страхоўцы купала
завяршылі. У ім зрабілі металаканструкцыі, паклалі насціл, усталявалі стойкі.
Таксама зрабілі зандажы, каб праверыць, ці не было раней на купале фрэсак,
паведаміў тэлеграм-канал «Адновім Будслаў разам!».
Пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 мая. У выніку
абваліўся дах, вадой з пажарных брандспойтаў пашкоджаныя сцены, падлога,
мэбля. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсвяцейшы Сакрамент і іншую каштоўную
маёмасць паспелі вынесці. Кіраўніцтва касцёла неадкладна звярнулася па
дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
За прамінулы час валянцёры разабралі абгарэлыя часткі,
прасушылі ўнутранае ўбранне і арган, устанавілі датчыкі вільгаці, ачысцілі
дах ад смецьця і вугалю, разабралі падвалы.

У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама
наладзілі сістэму адводу дажджавой вады. Ліквідацыя наступстваў пажару
працягваецца.
На аднаўленне каталіцкай святыні неабыякавыя людзі і арганізацыі ўжо ахвяравалі звыш 1 мільёна рублёў. Аднак, каб закончыць кансервацыю перад наступным этапам рэстаўрацыі, бракуе яшчэ каля 400 тысяч.
Паводле «Свабоды».