На завяршэнне кансервацыі касцёла ў Будславе нестае каля 400 тысяч рублёў
Біскуп Аляксандр Яшэўскі распавёў, што на аднаўленне святыні людзі і арганізацыі ахвяравалі больш за мільён рублёў. Аднак гэтых грошай недастаткова, каб завяршыць кансервацыю, якая папярэднічае грунтоўнай рэстаўрацыі касцёла, паведамляе «Радыё Рацыя».
На завяршэнне этапу ўступнай кансервацыі пашкоджанага пажарам касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён, Менская вобласць) не стае як найменш 400 тыс. рублёў, паведаміў на пленарным пасяджэнні Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі (ККББ) старшыня камісіі па ліквідацыі наступстваў здарэння дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі.
Як паведамляе партал Рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, біскуп Яшэўскі пазнаёміў іерархаў з ходам рэканструкцыі нацыянальнага санктуарыя. Ён паведаміў, што на аднаўленне святыні асобныя людзі і арганізацыі пералічылі ахвяраванні ў памеры 1 млн 20,979 тыс. рублёў. Гэтыя сродкі, паводле слоў Яшэўскага, былі выкарыстаныя на „аплату праектных і рамонтна-будаўнічых работ у касцёле, авансы падрадчыкам, экспертызы, закупку матэрыялаў і іншыя мэтавыя патрэбы”.
Разам з тым ён адзначыў, што гэтых грошай недастаткова, каб завяршыць кансервацыю, якая папярэднічае грунтоўнай рэстаўрацыі касцёла.
На пасяджэнні каталіцкія іерархі таксама зацвердзілі праграму ўдзелу касцёла ў Беларусі ў працы Сінода біскупаў Паўсюднага касцёла, прызначылі ксяндза-каноніка Андрэя Аніскевіча з Віцебскай дыяцэзіі дырэктарам дабрачыннага таварыства „Caritas Беларусь”, а ксяндза Віталія Дабраловіча з Гродзенскай дыяцэзіі — дырэктарам Пастырскага цэнтра пры ККББ, разгледзелі іншыя пытанні.
Наступнае пленарнае пасяджэнне ККББ адбудзецца 10 лістапада.
Нагадаем, пажар у нацыянальным санктуарыі здарыўся 11 траўня. Абваліўся дах храма, абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсвяцейшы Сакрамент (Святыя Дары) i iншую маёмасць паспелі вынесці. У той жа дзень ККББ звярнулася да людзей па дапамогу ў зборы сродкаў на аднаўленне касцёла, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
12 траўня была створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Тады ж быў атрыманы дазвол на разбор рэшткаў даху. З таго часу клір касцёла і валанцёры разабралі абгарэлыя часткі, сталі прасушваць унутранае ўбранне святыні і арган, устанавілі ўсярэдзіне кантролеры вільгаці, ачысцілі дах ад смецця і вуглёў, разабралі падвалы.
У канцы траўня — на
пачатку чэрвеня касцёлу зрабілі часовы дах, а таксама сістэму адводу дажджавой
вады. На пачатку жніўня каля храма паклалі дарожныя пліты для падвозу матэрыялаў
і падрыхтавалі пляцоўку для будаўнічага крана. Была дастаўленая партыя металу
для пакрыцця верху святыні наўзамен згарэламу даху. Ліквідаваць наступствы
пажару працягваюць да гэтага часу.
Паводле www.racyja.com, БелаПАН