Фотарэпартаж з пахавання Алеся Пушкіна (шмат здымкаў)
Сёння ў вёсцы Бобр Крупскага раёна пахавалі палітвязня, вядомага мастака Алеся Пушкіна. Фота з пахавання апублікаваў у фэйсбуку карыстальнік Vecny Zasciankovec.
На пахаванне вядомага мастака Алеся Пушкіна, які сканаў у
няволі ўночы на 11 ліпеня, сабраліся каля 100 чалавек, піша «Наша Ніва». З
палітвязнем развіталіся ў яго роднай вёсцы Бобр Крупскага раёна.
Сярод тых, хто прыйшоў развітацца, былі і мясцовыя жыхары з вёскі Бобр, якія ведалі Алеся з маленства, і тыя, хто прыехаў адмыслова з розных куткоў Беларусі. Праводзіць бацьку ў апошні шлях сабраліся і ўсё чацвёра дзяцей Алеся Пушкіна — тры дачкі і сын Мікалай.
Сям'я вырашыла, што Алесь пакіне гэты свет у вышыванцы, а ў труну паклалі яго знакаміты карычневы капялюш — галаўны ўбор, у якім мастака можна часта ўбачыць на фотаздымках.
Спачатку развітанне прайшло каля хаты, дзе самотнай гаспадыняй засталася ўдава Пушкіна Яніна. Потым труну на руках аднеслі ў царкву. Адпяванне адбылося ў мясцовым праваслаўным храме, адноўленым пасля пажару ў 2011 годзе. Падчас таго пажару згарэла драўляная царква, дзе ў 1996 годзе Алесь Пушкін зрабіў манументальныя роспісы сцен. У выявах эпізоду Суднага дня па правую руку Хрыста былі намаляваныя праведнікі, па левую — грэшнікі. У выявах грэшнікаў многія бачылі падабенства з Аляксандрам Лукашэнкам і Мітрапалітам Філарэтам.
Прысутныя на пахаванні мастака адзначаюць, што за хадой жалобнай імпрэзы назірала міліцыя. Што праўда, да людзей супрацоўнікі не падыходзілі, ніякіх заўвагаў не рабілі. Але час ад часу нешта здымалі на відэакамеру з машыны.
Мастак Алесь Пушкін памёр у зняволенні 11 ліпеня. Яму было 57 гадоў.