Футбалісты зборнай Беларусі абыгралі славакаў у матчы кваліфікацыі чэмпіянату Еўропы-2016

9 кастрычніка футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі выдатна правялі перадапошні матч адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы-2016. У славацкай Жыліне каманда Аляксандра Хацкевіча сустракалася са зборнай Славакіі і нечакана для ўсіх здолела перамагчы — 1: 0. 



14642_188cbe60173052210f965d7db723d6a4.jpg

Напярэдадні сустрэчы са славакамі беларуская зборная трапіла ў вельмі няпростую сітуацыю — з-за траўмаў па-за гульнёй апынуліся адразу 7 гульцоў: Сяргей Карніленка, Аляксандр Глеб, Цімафей Калачоў, Ягор Філіпенка, Ігар Шытаў, Іван Маеўскі і Раман Бягуноў. Галоўны трэнер беларусаў Аляксандр Хацкевіч быў вымушаны выставіць эксперыментальны склад, які ў выніку апынуўся на вышыні. Калі для беларусаў гэтая гульня не мела турнірнага значэння  — яны даўно страцілі шанцы на выхад у фінальную стадыю Еўра-2016, то для славакаў вырашалася, ці патрапяць яны ў Францыю або адкладуць вырашэнне пытання на апошні тур.

Гаспадары поля адразу пайшлі наперад, спадзеючыся здушыць беларусаў сваёй актыўнасцю. Аднак госці вельмі спакойна адбівалі атакі, ды і самі адказвалі рэзкімі контрвыпадамі. Прыкладна да сярэдзіны першага тайма славакі грунтоўна "прыціснулі" супернікаў, і мелі пару-тройку рэальных момантаў для ўзяцця варот Андрэя Гарбунова. У адным з іх мяч каціўся у сетку, але Станіслаў Драгун змог адбіць яго з лініі варот. А неўзабаве ён жа стаў аўтарам гола — пасля падачы вуглавога ўдару Ренаном Брэсанам з левага фланга атакі Драгун галавой адправіў мяч у вароты Матуша Казачыка. Славацкія футбалісты былі відавочна збянтэжаны такім паваротам падзей і да перапынку так і не змаглі прыйсці ў сябе.

Пасля антракту славакі мелі перавагу, асабліва пасля выдалення на 65-й хвіліне капітана беларускай каманды Аляксандра Мартынавіча. Але гаспадары так і не змаглі хоць бы раз парадаваць сваіх заўзятараў і сышлі з поля пераможанымі. Пасля матчу настаўнік пераможцаў Аляксандр Хацкевіч адзначыў, што яго падапечныя згулялі агрэсіўна, асабліва ў першай палове гульні, што ў выніку і прынесла пераможны вынік. Пасля перапынку беларусам было складаней, тым больш, што за 25 хвілін да заканчэння матчу каманда засталася ў меншасці, але выстаяла, праявіўшы байцоўскі характар.

Калега Хацкевіча Ян Козак сказаў, што беларускія футбалісты згулялі вельмі добра, чым нямала здзівілі славакаў. На яго думку, славацкія футбалісты падышлі да гэтай гульні безадказна, вынікам чаго стала параза на вачах сваіх заўзятараў, якія з усіх сіл падтрымлівалі гаспадароў поля і чакалі выхаду ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы. Асечкай славакаў спаўна скарысталіся украінцы, якія абыгралі ў гасцях македонцаў (2: 0) і зраўняўліся па ачках са славацкай дружынай. Лідэр групы  зборная Іспаніі без праблем разабралася ў Лагронья з камандай Люксембурга — 4: 0, і забяспечыла сабе пуцёўку на Еўра-2016. Становішча каманд пасля 9 тураў: Іспанія —  24 ачкі (розніца мячоў — 22/03), Славакія — 19 (13-6), Украіна — 19 (14-3), Беларусь — 10 (8-14), Люксембург — 4 ( 4-23), Македонія — 3 (6-18). У заключным туры 12 Кастрычніцка зборная Беларусі на полі "Барысаў-Арэны" прыме македонцаў, каманда Люксембурга згуляе ў сябе дома са Славакіяй, а футбалісты Украіны ў Кіеве сустрэнуцца з Іспаніяй. У фінальную частку Еўра-2016 выйдуць каманды, якія занялі 1 — 2-е месцы ў дзевяці кваліфікацыйных групах, а таксама лепшая са зборных, якія занялі 3 месца (па дадатковых паказчыках). Астатнія 8 каманд, якія фінішуюць трэцімі, правядуць стыкавыя матчы, вызначыўшы яшчэ 4 ўдзельніка фінальнага турніру кантынентальнага первенства.

Паводле: БЕЛТА