Гісторык Кастусь Шыдлоўскі пра будынкі на Замкавай гары: “Безгустоўная рэч, і нават злачынная”

Летась мясцовыя ўлады Браслава распачалі кампанію па добраўпарадкаванні замчышча VIII–XVI стагоддзяў. Кіраўніцтва райвыканкама разлічвае прывабіць турыстаў у новазбудаваны комплекс на Замкавай гары. Па неафіцыйнай інфармацыі, адзначаюць westki.info, гэтая ідэя ўзнікла ў старшыні райвыканкама Пятра Гішкялюка. Адначасова планы будаўніцтва на гістарычным помніку выклікалі непакой у гісторыкаў і абаронцаў спадчыны.



fb3deea8bff8902a6a092a4b532b4a68.jpg

Летась мясцовыя ўлады Браслава распачалі кампанію па добраўпарадкаванні замчышча VIII–XVI стагоддзяў. Кіраўніцтва райвыканкама разлічвае прывабіць турыстаў у новазбудаваны комплекс на Замкавай гары. Па неафіцыйнай інфармацыі, адзначаюць westki.info, гэтая ідэя ўзнікла ў старшыні райвыканкама Пятра Гішкялюка. Адначасова планы будаўніцтва на гістарычным помніку выклікалі непакой у гісторыкаў і абаронцаў спадчыны.

На сённяшні дзень пабудаваная толькі невялікая частка запланаванага комплексу. На ўзвышанай пляцоўцы замчышча можна пабачыць паўтузіна новых альтанак і чатыры драўляныя домікі. Будыначкі абапіраюцца на пакладзеную на зямлю цэглу — такім чынам удалося абыйсці закон, які абмяжоўвае земляныя працы на археалагічных помніках. Відавочна, што праектанты і блізка не спрабавалі аднавіць гістарычны выгляд пабудоў на замку. Пабудавалі тое, што прыйшло ў галаву. “Добраўпарадкаванне праводзіцца без кансультацый з грамадскасцю і з ігнараваннем думкі гісторыкаў. Не выключана, што і замкавыя сцены адбудуюць па эскізах, узятых з галавы. У такім выпадку турысты, якія будуць наведваць Замкавую гару, замест гістарычнага помніка будуць вымушаныя аглядаць нізкаякасную бутафорыю.


Браслаўскі гісторык Кастусь Шыдлоўскі аналізуе “добраўпарадкаванне Замкавай гары, распачатае ў мінулым годзе мясцовымі ўладамі.

Спадар Кастусь, як вы ставіцеся да таго, што на Замкавай гары ўзводзяць новыя будынкі?

— Гэта бязглуздзіца. Што хацелі зрабіць гэтымі дамкамі, для чаго іх узводзілі? Нібыта там будуць сядзець нейкія майстры, размесцяцца нейкія крамы, якія будуць прадаваць сувеніры, і так далей…

Бязглуздзіца, таму што самі домікі пабудаваныя і не выкарыстоўваюцца. Я не сустрэў аніводнага чалавека, думку якога я паважаю, які сказаў хоць бы з нейкай доляй сумневу, што ў гэтым ёсць хаця б мінімальны сэнс.

Гэта безгустоўная рэч, і нават злачынная, бо гістарычны ландшафт парушаны. На помніках кшталту браслаўскай Замкавай гары нельга, на маю думку, узводзіць нічога — ні альтанкі, ні вось такія дамкі.

Адзінае, што там можна рабіць — падкрэсліваць гістарычнасць гэтага месца, дадаваць нейкую інфармацыю для турыстаў, прапанаваць пэўны варыянт гістарычнай сцяжынкі. Усталяваць стэнды, якія распавядаюць пра асноўныя моманты гісторыі гэтага помніка, і прапануюць варыянт абыходу з пазначэннем месцаў, дзе адкрываюцца найлепшыя краявіды, месцаў, дзе адбываліся нейкія падзеі ці існавалі нейкія пабудовы.

Напрыклад, нескладана лакалізаваць і ўказаць месца, дзе стаяла царква, звязаная з імем князёўны Алёны. Можна вылучыць захаваныя фрагменты абарончых валоў, падвесці да помніка Нарбуту. Патрэбная акуратная і вытанчаная праца, якая б не парушала гістарычнага ландшафту, а давала магчымасць чалавеку азнаёміцца з гэтым помнікам. Для мяне гэта прымальна.

                                       Замчышча ў Браславе. Фота Кастуся Шыталя

 

Вядома, што ўлады не збіраюцца спыняцца на гэтых доміках і альтанках…

— Самай вялікай пагрозай застаецца тое, што сучаснае кіраўніцтва раёна (дакладней, адзін галоўны “вертыкальшчык) вызначае гэта. Гішклялюк мае намер узвесці копію, дакладней, ніякую не копію, а мадэль нейкага замка. Хутчэй за ўсё, праект будзе зроблены з выкарыстаннем сучаснага матэрыялу.

Гэта загубіць Замкавую гару, асабліва калі пачнуцца земляныя працы. Хоць некалькі разоў былі запэўніванні, што земляных прац не будзе, нібыта на бетонныя пліты будуць абапірацца элементы драўляных канструкцый. Можна ўявіць, што гэта атрымаецца. Калі пачнуцца земляныя работы, трэба біць трывогу, бо гэта будзе парушэнне ўсіх законаў Беларусі аб ахове гістарычнай спадчыны.

А ці магчыма ўвогуле рэканструяваць выгляд замка, адбудаваць яго такім, якім ён быў?

— Не. Зараз няма ніякіх падстаў, каб аднавіць індывідуальнае аблічча замка. Маюцца толькі агульныя матэрыялы для ўсёй Беларусі, скажам, як маглі выглядаць умацаванні падобнага тыпу. У Браславе нават сур’ёзныя даследаванні канструкцый, якія маглі застацца ў зямлі, не праводзіліся.

Але трэба сказаць, што Замкавая гара — шматслойны помнік. Латгальскі перыяд, перыяд Полацкага княства, а далей перыяд Вялікага Княства Літоўскага. Замак функцыянаваў даволі актыўна да канца ХVІ стагоддзя, але не забудзем і ХVІІ, ХVІІІ стагоддзе. Рэшткі вежаў, нейкіх пабудоў згадваюцца нават у другой палове ХVІІІ стагоддзя. Існуюць толькі самыя агульныя згадкі аб “астраколе, аб вежах, аб падвойнай браме і так далей. Ніводнага матэрыялу, дзе былі б нейкія падрабязнасці, пакуль не знойдзена, няма ніводнага іканаграфічнагаматэрыялу.

                          Навабуды на Мазырскім замчышчы. Фота Radzima.org

І да чаго, на вашу думку, прывядзе спроба “адбудаваць замак?

Гэта будзе ў любым выпадку муляж. Калі была б пастаўлена задача на вельмі сур’ёзным узроўні — узнавіць драўляную абарончую сістэму, паказаць яе на прыкладзе Браслава, каб да яе рэалізацыі былі прыцягнутыя найлепшыя інтэлектуальныя сілы, то можа ўдалося б сур’ёзную рэч зрабіць, хоць я і ў такім выпадку быў бы супраць.

Але гэтая ініцыятыва — мясцовага ўзроўню. Праектныя працы выконваліся на смешным, дзіцячым узроўні, і вышэй за ўзровень дзіцячай пляцоўкі гэта не падымецца. Маем у Беларусі “цудоўны прыклад — Мазырскі замак, дзе з выкарыстаннем сучаснага пластыка, сучасных будаўнічых матэрыялаў зроблена тое, што назвалі замкам, выставіўшы сябе на пасмешышча.

Калі так карціць стварыць нейкі аб’ект, цікавы, інтэрактыўны, дзе людзі маглі б убачыць нейкія гістарычныя прадстаўленні, нейкі антураж эпохі, то абраць трэба іншае месца, не гістарычнае, стварыць гэткі “дыснэйлэнд. Чаму б не? Рабіце забаву для турыстаў.

Паводле westki.info