Галасуем нагамі
Дзяржава, складаючы розныя балансы ды правальваючы свае пампезныя планы, заўсёды цікавіцца здабыткамі насельніцтва. Маўляў, што там у вас, хлопцы, у кашальках.
Дзяржава, складаючы розныя балансы ды правальваючы свае пампезныя планы, заўсёды цікавіцца здабыткамі насельніцтва. Маўляў, што там у вас, хлопцы, у кашальках.
Пасля ўсіх дэвальвацый доларавы склад сярэдняга заробку зменшыўся ўдвая, да 250 долараў. Гэта значыць, шараговага беларуса змусілі штомесяц фактычна фінансаваць бюджэты розных узроўняў на 250
долараў. За тры месяцы атрымліваецца 750 долараў. У эканоміцы сёння, па афіцыйных дадзеных, занята боль за 4 мільёны чалавек. Кожнага з іх дзяржава змусіла палову заробка ахвяраваць на патрэбу
эканомікі, якая (так нам кажуць) дынамічна развіваецца.
Вось такая элегантная экспрапрыяцыя прыватнай уласнасці насельніцтва.
Нешта падобнае рабілася ў СССР 1990-х гадоў. Але тая краіна сышла ў нябыт з усімі сваімі былымі кіраўнікамі. А вось гэтае кіраўніцтва Беларусі, падобна да таго, нікуды сыходзіць не збіраецца. Нічога
на іх не дзейнічае — ні нізкія рэйтынгі, ні маўклівыя пратэсты, ні кпіны пыхлівых расійскіх калег, ні заходнія санкцыі. Лічаць, што калі абдурылі ўсіх, то абдураць і Бога. А той ім
забяспечыць жыццё вечнае?
Аднак мноства беларусаў зусім інакш ацэньваюць свае перспектывы. І калі ўжо нічога нельга змяніць у краіне, якая не можа і не хоча правесці сумленныя выбары, людзі пачынаць галасаваць нагамі. Каго
з’ехаць за мяжу на працу змушаюць абставіны, каго — высокія прафесійныя якасці і ўласцівая моладзі няўрымслівасць.
Дакладных лічбаў ніхто не ведае, бо не ўсе настолькі давяраюць уладам, каб паведамляць аб сваіх намерах адпаведным структурам. Але той жа Міхаіл Мясніковіч, якога можна лічыць галоўным прарабам
сучаснай эканамічнай палітыкі, на пасяджэнні ўрада адзначыў, што пачаўся адток кваліфікаваных кадраў з краіны. Маўляў, гэты працэс закрануў будоўлю, машынабудаўніцтва і шэраг іншых галін. Трэба
сказаць, што Мясніковіч у гэтым пытанні зусім не арыгінальны. Яшчэ яго папярэднік Сяргей Сідорскі турбаваўся на гэты конт і прапаноўваў падняць заробкі будаўнікоў да расійскага ўзроўню. А атрымалася
так, як атрымалася. Мала таго, што заробкі ўпалі ніжэй плінтуса, дык яшчэ і будаўніцтва многіх аб’ектаў спынена з нагоды недастатковага фінансавання.
Як паведамляюць СМІ, улады на месцах спрабуюць нешта зрабіць, каб затрымаць моладзь на працоўных месцах, і нават адміністрацыйнымі мерамі. Але ж пры ўсіх відавочных ненармальнасцях нашай
“дэбюракратызаванай дзяржавы, прыгоннага права ў ёй няма. У якасці навіны можна адзначыць, што з краіны пачалі з’язджаць настаўнікі. Ужо нават і ў Расіі гэтай катэгорыі
спецыялістаў плацяць болей, чым у Беларусі.
Усё да аднаго, і ўсё не зусім так, як хацелася. А як і чаго хацелася? Прыкладам, свабоднага перамяшчэння капіталаў у адзінай эканамічнай прасторы. Як такую паперу мог падпісаць кіраўнік краіны, дзе
капіталістам быць не дазволена, і таму капіталаў няма? Грошы ў многіх ёсць, а капіталаў няма. Звычайная з’ява для грамадства, у якім значная частка эканомікі існуе паралельна афіцыйнай і
па-за межамі закона. А з другога боку, канчаткова прадалі “трубу, грошы быццам з’явіліся, але ці не ўсе іх трэба аддаць за пазыкі мінулых часоў. А з актываў, калі ўжо
называць газаправод “іржавай трубой, засталіся дзве “керасінкі — Мазырскі і Наваполацкі НПЗ. Таксама ж працуюць на прывазной сыравіне, а самі па сабе
нічога не ўяўляюць.
Акрамя таго ў праекце аб адзінай эканамічнай прасторы ёсць пункт і пра свабоднае перамяшчэнне працоўнай сілы. Зноў атрымліваецца свабода, але з рухам у адзін канец. І таму ўраду спатрэбяцца зрабіць
вялізныя намаганні, каб выканаць заклік Мясніковіча для стварэння стымулаў, каб “стрымліваць адток кваліфікаваных кадраў з краіны.
У нас жа атрымліваецца, што кваліфікаваныя кадры нам патрэбны, але кваліфікавана наладзіць працу ніхто не ўмее. Адсюль мізэрныя заробкі і жаданне з’ехаць куды заўгодна, абы плацілі трохі
болей.
Ёсць у эканоміцы закон, у адпаведнасці з якім багацце краіны залежыць ад умення найлепш выкарыстоўваць рэсурсы, якія маюцца ў дастатковай колькасці. Ці трэба казаць, што галоўным і амаль адзіным
рэсурсам Беларусі з’яўляюцца менавіта людзі, працоўная сіла, найболей кваліфікаваная сярод усіх краін СНД. А шмат хто зольны да канкурэнцыі на значна больш патрабавальных рынках працы.
Вельмі непрыемная гэта рэч — галасаванне нагамі. Калі ад’язджаюць часова, зарабляюць грошы для ўтрымання сямей ды прывозяць у Беларусь, то аб’ектыўна ў нейкай ступені
падтрымліваюць айчынную эканоміку. А калі застаюцца за мяжой назаўсёды, калі становяцца там багатымі, але прынцыпова не хочуць укласці ў родную краіну ні капейчыны? Гэта ўжо неаднаўляльныя страты,
якія цяжка будзе нечым кампенсаваць нават у далёкай будучыні.