ГРАМАДЗЯНСКАЯ СУПОЛЬНАСЦЬ. ПАДЗЕІ ТЫДНЯ: Дзісна. Валожын. Талачын. Астравец

Дзісна. Археалагічная экспедыцыя закончана

Дзісна. Археалагічная экспедыцыя закончана
У жніўні Дзісна прымала археалагічную экспедыцыю пад кіраўніцтвам навуковага супрацоўніка Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Марата Клімава. Асноўная мэта экспедыцыі — знайсці матэрыяльныя доказы ранняга паселішча на тэрыторыі сучаснай Дзісны. Дзеля гэтага была праведзеная шурфоўка некалькіх кропак горада. Безумоўным фактам стала тое, што Дзісна была заселеная ў ХVІ стагоддзі. А вось артэфакты ХІІ–ХІІІ стагоддзяў адшукваліся зрэдку. Фрагменты сярэднявечнай керамікі, якія трапляліся ў шурфах, давядзецца дасканала даследаваць перад тым, як рабіць канкрэтныя высновы.
Увесь час на раскопках працавалі валанцёры з Мінска, Віцебска, Полацка, Глыбокага. Усяго да працы далучыліся каля 30 чалавек. Акрамя працы яны выдатна адпачылі. Гэтаму паспрыяла старшыня Дзісненскага гарсавета Вольга Мароз, якая гасцінна сустракала археолагаў, дапамагала вырашаць арганізацыйныя пытанні, аказала матэрыяльную падтрымку экспедыцыі. Удзельнікі раскопак падарожнічалі па Дзісне і Заходняй Дзвіне на баркасе і пароме, зрабілі велатур на аграсядзібу Мазурына, лёталі на дэльтапланах.
Валожын. Міжнародны веламарафон
У мінулыя выходныя на дарогах Валожыншчыны можна было сустрэць удзельнікаў міжнароднага веламарафона за мір «Парыж—Масква–2009». Веласіпедысты-аматары з краін Еўропы пераехалі мяжу раёна 9 жніўня ў 14 гадзін 30 хвілін. Больш за месяц удзельнікі велапрабегу «калясяць» па Еўропе. Валожыншчына адметна тым, што на яе тэрыторыю прыпадае палова запланаванага маршруту. Між іншым, гэты край запомніцца ўдзельнікам марафону не толькі адзнакай на спідометры, але і гасціннасцю, сардэчнасцю сустрэчы, уражаннямі ад наведвання гістарычных мясцін і помнікаў. Пра гэта клапацілася вялікае кола людзей — аддзел фізкультуры, спорту і турызму райвыканкама, аддзел культуры, медыкі, райспажыўтаварыства і грамадскія актывісты.
Талачын. Шчукін навёў парадак
У населеным пункце Коханава мясцовае ЖКГ актыўна праводзіць кампанію па высяленню неплацельшчыкаў за камунальныя паслугі. Болей за дзесяць чалавек пазбавілася жылля. Яшчэ 60 іскаў перададзена ў суд. Выселена была і жанчына з трохдзённым дзіцём. Каб аднавіць справядлівасць, актывісты грамадзянскай кампаніі «Наш Дом» звярнуліся да праваабаронцы Валерыя Шчукіна. Пасля яго ўмяшальніцтва Талачынскі суд адмяніў рашэнне аб высяленні.
Астравец. Праваабаронцы судзяцца
У ліпені суд Астравецкага раёна (суддзя Дземешчык) палічыў крамольным факт перадачы Іванам Круком свайму сябру бюлетэняў «Мірны атам», «Астравецкі веснік», «Глоток воздуха» і газеты «Новы час» для азнаямлення з праблемаю пабудовы АЭС у рэгіёне і аштрафаваў былога начальніка тутэйшага РАУС на 700000 рублёў. Мясцовы праваабаронца палічыў, што гэта ёсць факт забароны інфармавання насельніцтва аб праблемах раёна, і звярнуўся са скаргай у абласны суд. Судовая калегія (суддзя Рачынскі) запланавала правесці пасяджэнне зачыненым. Аднак Івана Фёдаравіча падтрымаў праваабаронца Валеры Шчукін, і разгляд справы быў адкрытым, на яго былі дапушчаны журналісты і прадстаўнікі грамадскасці. 18 жніўня праваабаронца з Астраўца атрымаў копію рашэння абласнога суда, дзе напісана, што «з улікам усіх абставін па справе, грамадскай небяспекі здзейсненага, а таксама дадзеных аб асобе Крука І. Ф. падстаў для назначэння больш мяккага пакарання няма». Таму рашэнне суда першай інстанцыі было пакінута без змены. Неўзабаве наглядная скарга пойдзе на імя старшыні абласнога суда.