ГА “БАЖ” хадайнічае пра разблакаванне рахунку “Arche-Пачатак”


6 лістапада кіраўніцтва журналісцкай арганізацыі адправіла афіцыйны ліст дырэктару Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР) Камітэту дзяржкантролю Рыгору Вярэмку.

“ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў звяртаецца да Вас з нагоды сітуацыі, якая склалася вакол часопіса “Arche і вельмі трывожыць прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці Беларусі, — гаворыцца ў пасланні. 


Пачынаючы ад затрымання 14 верасня ў Гродне тагачаснага галоўнага рэдактара часопіса Валера Булгакава і да цяперашняга моманту адбываюцца падзеі, якія могуць паставіць крыж на далейшым існаванні выдання, — выказвае апасенне арганізацыя.


У прыватнасці, у межах праверкі дзейнасці рэдакцыі Упраўленне ДФР па Мінскай вобласці і г. Мінску вынесла прадпісанне прыпыніць аперацыі па рахунках “Arche-Пачатак, — нагадвае ГА “БАЖ.


“Прадпісанне было вынесена нібыта на падставе адмовы прадаставіць для праверкі дакументы бухгалтарскага і падатковага ўліку і іншыя дакументы, звязаныя з фінансава-гаспадарчай дзейнасцю рэдакцыі. Па інфармацыі, якую ГА “БАЖ атрымала ад сябраў арганізацыі — супрацоўнікаў часопіса — ніякіх адмоваў у прадастаўленні УДФР дакументаў ад іх не паступала. Сітуацыя з’яўляецца следствам супярэчлівых патрабаванняў супрацоўнікаў УДФР, якія выказваліся ў вуснай форме, — піша ГА "БАЖ".
 

Аўтары ліста прыгадваюць праграму БТ “Зона Х, у якой сярод іншых браў неназваны супрацоўнік УДФР. “Абвінавачанні, што прагучалі па БТ, даюць падставы дапускаць палітычныя матывы пераследу часопіса, — гаворыцца ў лісце ГА “БАЖ. — Безумоўна, ДФР мае поўнае права правяраць дзейнасць суб’ектаў гаспадарання, у тым ліку і рэдакцыю часопіса. Але, на нашу думку, блакаванне рахунку часопіса з’яўляецца крайняй мерай уздзеяння, у прымяненні якой не было пільнай патрэбы. Між тым, менавіта праз гэта часопіс пазбаўлены магчымасці выконваць свае абавязкі перад чытачамі і найперш перад падпісчыкамі.
 

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"