Гайдукоў піша з турмы: Жыве Беларусь!

Родныя атрымалі першы ліст ад Андрэя Гайдукова, падазраванага, паводле інфармацыі КДБ, у «здрадзе дзяржаве». Некалькі дзён таму наваполацкага актывіста перавялі ў віцебскі СІЗА, і бараніць ягоныя інтарэсы будзе ўжо не мінскі, а віцебскі адвакат.



8896c290_7287_48d0_bf8d_dfa95c41b3c6_w268_r1.jpg

Да пачатку снежня Андрэя Гайдукова трымалі ў мінскім СІЗА КДБ, а цяпер ён у віцебскім СІЗА № 2. Так што замена адваката цалкам лагічная, лічыць маці зняволенага Вольга Гайдукова:
«Ён просіць адвакатку віцебскую, якая была першая ў яго. Напісаў заяву следчаму, каб яе прадставілі. Менавіта яе! У нас і пагадненне складзена, даўно яшчэ — адразу пасля затрымання. Але ж потым яго ў Мінск кінулі... Яму цяжка ў ізалятары аднаму, дык адвакатка з Віцебску прыйсці да яго зможа, пагаварыць».
Вольга Гайдукова апавяла, што нарэшце атрымала першы ліст ад сына — пакуль што адзіны за ўвесь час ягонага зняволення. Ліст напісаны яшчэ з мінскага СІЗА, гаворыць маці Андрэя Гайдукова:
«Нейкі такі ліст... сумны крыху. Ён піша накшталт таго, што фальсіфікацыі даходзяць да абсурду, ну і ў такім духу. Змрочны такі ліст. Ці мне падаецца? Дачка кажа, што нармальны. Ліст адправілі 3 снежня, а пісаў ён яго 29-га. Нічога там не закрэслена. І ў канцы Андрэй піша: „Жыве Беларусь!“ Гэта ён верны сабе, малайчына! Усё-ткі сіла духу ў яго ёсць!»
Андрэй Гайдукоў пад вартай ужо амаль месяц. Яго затрымалі ў Віцебску 8 лістапада. Паводле афіцыйнага паведамлення КДБ, ён быў затрыманы «падчас закладкі тайніка са звесткамі, якія могуць цікавіць замежныя спецслужбы».
Сваякі і сябры хлопца лічаць гэтае абвінавачанне абсурдным. А прычыну ўвагі КДБ да 23-гадовага аператара наваполацкага «Нафтану» тлумачаць ягонай грамадскай дзейнасцю. Яны згадваюць, што і раней «людзі ў цывільным» неаднаразова папярэджвалі Андрэя, каб ён не дэманстраваў свае апазіцыйныя палітычныя погляды.
Непасрэдна перад арыштам Андрэй Гайдукоў рыхтаваў дакументы для рэгістрацыі суполкі «Саюз маладых інтэлектуалаў», дзе ён быў намеснікам кіраўніка. Кіраваў суполкай ягоны сябар Яўген Канстанцінаў, якога выклікалі на допыт у КДБ.
Яўгену патэлефанаваў следчы Алег Барысевіч, і спадар Канстанцінаў мяркуе, што гаворка пойдзе, сярод іншага, і пра «Саюз маладых інтэлектуалаў»:
«Напэўна, следчага цікавіць, чым займалася наша арганізацыя, якім чынам Андрэй „засвяціўся“ ў апазіцыі. Я спытаўся: „Ну як там Андрэй?“ Сьледчы сказаў: „Вось прыедзеце — убачыце“. Я сапраўды хачу ўбачыць Андрэя, паглядзець, у якім ён стане, што з ім і як».
Са словаў адваката, на гэтым тыдні ў рэчышчы крымінальнай справы, распачатай супраць Андрэя Гайдукова, запланавана шмат следчых дзеянняў. У тым ліку і допыты, і вочныя стаўкі. Артыкул 356 «Здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці», паводле якога вінавацяць хлопца, прадугледжвае пакаранне турэмным зняволеньнем на тэрмін ад 7 да 15 гадоў.

Радыё Свабода