“Халодная” восень

У Мінску і рэгіёнах прайшоў Народны сход. Ён сабраў мінімум людзей, да таго ж цягам дня па краіне былі затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў.



da647c549dde572c2c5edc4f5bef039c.jpg

У Мінску і рэгіёнах прайшоў Народны сход. Ён сабраў мінімум людзей, да таго ж цягам дня па краіне былі затрыманыя дзясяткі ўдзельнікаў.


У сталіцы Народны сход сабраў каля пяці дзясяткаў удзельнікаў. Збольшага гэта былі людзі стала веку. Апазіцыйныя лідары сваёй прысутнасцю названае мерапрыемства не ўважылі.
 
Перад пачаткам Народнага сходу пляцоўка на плошчы Бангалор, дзе быў абвешчаны збор, была агароджаная турнікетамі. У парку знаходзілася вялікая колькасць людзей у цывільным, супрацоўнікаў міліцыя. Яны спынялі ўсіх людзей, хто кіраваўся ў бок пляцоўкі, і ў большасці выпадкаў разварочвалі іх назад. Усе падзі здымалі на відэа ўсё тыя ж невядомыя супрацоўнікі ў цывільным.
 
У дзень правядзення Народнага сходу ў сталіцы былі затрыманыя адзін з арганізатараў правядзення мерапрыемства Віктар Івашкевіч, палітык Вінцук Вячорка. Праз некалькі гадзін іх адпусцілі без складання пратаколаў.
 
Другі суарганізатар, кіраўнік Незалежнага прафсаюзу Генадзь Фядыніч на пачатку сходу сышоў з месца збору, заклікаўшы людзей разысціся. Паводле яго слоў, з-за малалікасці ўдзельнікаў і вялікай колькасці спецслужбоўцаў гэта варта было зрабіць, каб “не падстаўляць людзей. Але акцыя мусіць адбыцца ў іншым месцы і ў іншы час.
 
У выніку некалькі дзясяткаў чалавек, якія паверылі арганізатарам і ўсё ж прыйшлі на Народны сход у сталіцы, засталіся ў кампаніі саміх сябе. Людзі абмяркоўвалі бягучую сітуацыю ў краіне, абураліся апатычнасці беларусаў і рэпрэсіўнасці сілавікоў.
Прыкладна праз гадзіну “камернага сходу яго ўдзельнікі разышліся.
 
У пятніцу, 11 лістапада, у Мінску і рэгіёнах была запланаваная акцыя «Стоп-бензін» — пратэст аўтамабілістаў супраць падвышэння цэн на паліва. Аднак і гэтая акцыя не адбылася, бо не знайшлося ахвотных у ёй паўдзельнічаць.
 
Такім чынам, “гарачай восені, як таго чакалі прадстаўнікі апазіцыйных сілаў, у Беларусі няма. Масавыя акцыі пратэсту ў краіне не адбываюцца, сацыяльна-эканамічныя пратэсты ўспыхваюць лакальна на асобных прадпрыемствах. Але ўлады з імі пакуль спраўляюцца.