Галоўнаму рэдактару TUT.BY Марыне Золатавай прад'явілі абвінавачванне па «справе БЕЛТА»
Абвінавачванне Марыне Золатавай прад'яўлена па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса Беларусі (Бяздзейнасць службовай асобы). Санкцыі па гэтым артыкуле прадугледжваюць ад штрафу да пяці гадоў пазбаўлення волі.

Фота Зміцер Брушко, tut.by
Паводле Крымінальнага кодэксу, «бяздзейнасць службовай асобы» азначае «наўмыснае насуперак інтарэсам службы невыкананне службовай асобай з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці дзеянняў, якiя яна павiнна была i магла ажыццявiць з прычыны ўскладзеных на яе службовых абавязкаў, спалучанае з патураннем злачынству або пацягнула невыкананне паказчыкаў, дасягненне якiх з'яўлялася ўмовай аказання дзяржаўнай падтрымкі, альбо прычыненне шкоды ў буйным памеры або істотнай шкоды правам і законным інтарэсам грамадзянаў альбо дзяржаўным або грамадскім інтарэсам».
Раней яна таксама была падазронай па ч. 2 арт. 349 (Несанкцыянаваны доступ да кампутарнай інфармацыі) Крымінальнага кодэкса Беларусі. Крымінальны пераслед па гэтым артыкуле ў дачыненні да Марыны Золатавай спынены «ў сувязі з незакончаным злачынствам».
Марыне Золатавай таксама прапанавалі пакрыць «прычыненую шкоду неўстаноўленымі асобамі» ў суме 10 908 рублёў — УП «БЕЛТА» і 2.683,08 рубля Установе Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня».
Таксама ў пастанове ўказана агульная сума маёмаснай шкоды УП «БЕЛТА», нанесенай супрацоўнікамі TUT.BY, — 52 320 рублёў і 18172,56 рублёў — Установе Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Выдавецкі дом «Беларусь сегодня».
Усім фігурантам «справы БЕЛТА» (на дадзены момант іх налічваецца 15 чалавек) прад'яўленыя абвінавачванні.
Паводле news.tut.by