Святлана Алексіевіч: «Людзі, прыйдуць хутка і за вамі!» (відэа)

"Вы не думайце, што гэта прыйшлі за Марынай Золатавай", — нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч падтрымала журналістаў, абвінавачаных па крымінальнай "справе БЕЛТА"



Святлана Алексіевіч. Фота «Радыё Свабода»

Святлана Алексіевіч. Фота «Радыё Свабода»

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч выказалася ў падтрымку журналістаў, якіх абвінавачваюць па крымінальнай «справе БелТА».

— Адбываецца наступ на адзін з самых моцных і самых цікавых, і самых разгорнутых рэсурсаў у нашай краіне. Дзяржава прыбірае яго да рук. Робіць гэта ўласцівымі ёй спосабамі. Папросту здзяйсняецца самаўпраўства. Часам самаўпраўства, часам злачынства.

Яны хочуць TUT.BY зрабіць паслухмяным сабе. Я думаю, мільёны два беларусаў былі там, самую галоўную інфармацыю атрымлівалі там. Вось гэта больш за ўсё і не падабаецца дзяржаве.

На жаль, наша садружнасць журналістаў не стала на абарону, як гэта адбылося б, дапусцім, на Украіне. Як гэта адбылося б у Прыбалтыцы. Тым больш я не кажу пра іншыя развітыя краіны. Там гэта было б папросту немагчыма.

Нас будуць знішчаць паасобку, а грамадства ў цэлым не становіцца на абарону. І не разумее, што гэты суд прайграе не Марына Золатава, не Зісер, не TUT.BY. Мы ўсе яго прайграем.

Кожны з нас павінен ва ўсякім выпадку казаць, крычаць, лямантаваць: "Людзі, прыйдуць хутка і за вамі! Вы не думайце, што гэта прыйшлі за Марынай Золатавай. Можа, так людзі прачнуцца", — кажа пра рэзанансных справе Святлана Алексіевіч.


Паводле baj.by