Галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе пайшоў у адстаўку пасля паразы ад Бельгіі з лікам 0:8

Беларуская федэрацыя футболу адрэагавала на патрабаванні заўзятараў адправіць у адстаўку галоўнага трэнера нацыянальнай зборнай Міхаіла Мархеля, піша «Радыё Свабода».

abff.by

abff.by

Пад яго кіраўніцтвам каманда адзначылася новым антырэкордам — паразай 0:8 ад Бельгіі ў рамках адборачнага турніру на чэмпіянат свету-2022.
«Прызнаёмся: скрышальная параза ў Бельгіі балюча ўдарыла і па работніках федэрацыі — ад кіраўніцтва да шараговых супрацоўнікаў. Бо менавіта па выніках нацыянальнай зборнай большасць людзей судзіць пра развіццё гэтага віду спорту ў краіне. І такія гульні дрэнна адбіваюцца на іміджы беларускага футболу», — гаворыцца ў распаўсюджанай заяве.
Пры гэтым кіраўніцтва федэрацыі запэўнвае, што «кожны дзень арганізацыя развівае гульню»: павялічвае масавасць, паляпшае інфраструктуру, рыхтуе трэнераў, праводзіць турніры, арганізоўвае семінары. Аднак немагчыма дамагчыся выніку за адзін сезон, лічаць спартыўныя функцыянеры.
«Мы ўсцешаныя, што заўзятары неабыякавыя да вынікаў зборнай Беларусі. Гэтыя лісты для нас — паказчык таго, што футбол займае важную частку ў вашых сэрцах. Так, зборная Бельгіі мацнейшая за нашу, але так прайграваць нельга. І вінаваты тут не толькі трэнер. Падзяліць адказнасць з Міхаілам Мархелем павінны і футбалісты. Пры гэтым цяпер важней аб’яднацца, а не шукаць вінаватых. Той матч — гісторыя. Мы абавязкова зробім высновы», — адзначаецца ў афіцыйным каментары.
Паводле звестак, Міхаіл Мархель усё ж падаў у адстаўку. Пра гэта ў сваім тэлеграм-канале паведаміў журналіст Уладзіслаў Татур, звольнены летась за грамадзянскую пазіцыю з дзяржаўнага тэлеканала «Беларусь 5». Пазней гэта пацвердзілі і ў офісе Беларускай федэрацыі футбола.
30 сакавіка нацыянальная каманда Беларусі пацярпела самую буйную паразу ў сваёй гісторыі — 0:8 ад зборнай Бельгіі. Да таго самы вялікі пройгрыш быў камандзе Аўстрыі (0:5) у рамках кваліфікацыі да Еўра-2004.
Наступны матч адбору да чэмпіянату свету беларусы згуляюць 2 верасня супраць Чэхіі.
Напярэдадні старту адборачнага цыкла старшыня федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў агучваў аптымістычныя планы, што беларусам цалкам па сілах змагацца за 2-е месца ў групе.