Галоўным рэдактарам «Еўрарадыё» прызначаны Віктар Малішэўскі
Пра гэта пазначана на сайце медыя. Прэзідэнт праўлення Дзмітрый Новікаў ад разгорнутых каментароў наконт змены кіраўніка рэдакцыі ўхіляецца.
Нагадаем, з лютага 2011 года галоўным рэдактарам «Еўрарадыё» працаваў Віталь Зыблюк. Прэзідэнт праўлення Дзмітрый Новікаў сказаў, што змены кіраўніка рэдакцыі «звязаныя з развіццём». «Вы хутка ўбачыце, што чакае аўдыторыю. Я не магу вам нічога распавесці», — унікнуў разгорнутых тлумачэнняў наконт такога рашэння спадар Новікаў.
На пытанне калі ж можна чакаць разгорнутага каментару паводле гэтага рашэння Дзмітрый Новікаў адказаў:
«Ніколі. Гэта ўнутраная справа «Еўрарадыё». Можаце так і напісаць».
Еўрарадыё пазыцыянуе сябе як маладзёжны мультымедыйны праект. Яно вяшчае ў FM-дыяпазоне на памежныя з Польшчай і Літвой рэгіёны ды ў інтэрнэце.
Віктар Малішэўскі — былы намеснік галоўнага рэдактара «Комсомольской правды» у Беларусі», блогер.
Блог Малішэўскага antijournalist.by заняў першае месца ў міжнародным конкурсе Deutsche Welle («Нямецкая хваля») The Bobs-2016 (Best of Online Activism) у намінацыі «Найлепшы сайт ці блог на рускай мове».
У сваім блогу antijournalist.by Малішэўскі праз лічбы каментуе паведамленні афіцыйных СМІ.
Паводле baj.by