Гамяльчука будуць судзіць за пашкоджанне шын 39 тралейбусаў і падпал аўто сілавіка
Пракуратура накіравала ў Гомельскі абласны суд крымінальную справу 33-гадовага гамяльчаніна. Ён абвінавачваецца ў стварэнні экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтве ім, замаху на наўмыснае знішчэнне і пашкоджанне чужой маёмасці, учыненыя агульнанебяспечным спосабам і якія пацягнулі прычыненне шкоды ў асабліва буйным памеры, а таксама ў актах тэрарызму.
Паводле версіі абвінавачвання, мужчына ў верасні 2019 года
паспрабаваў на будаўнічым аб'екце ў Гомелі падпаліць аўтакран.
«Ён жа з выкарыстаннем кампутарнай тэхнікі і мабільных
прылад стварыў у мэсэнджары Telegram публічныя інфармацыйныя рэсурсы. Пасля Ч.
як адміністратар канала аб'яднаў групу грамадзян і кіраваў дзейнасцю дадзенай
супольнасці, схіляў да экстрэмісцкай дзейнасці, спрыяў навучанню і падрыхтоўцы
да такой дзейнасці», — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
Пазней гэтыя рэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі
матэрыяламі. Акрамя таго, мужчыне інкрымінуецца пашкоджанне шын 39 тралейбусаў
на тэрыторыі транспартнага дэпо ў лістападзе 2021 года. Абвінавачванне лічыць,
што мужчына абліў яшчэ і аўтамабіль супрацоўніка міліцыі гаручай вадкасцю, а
таксама падпаліў яго.
Абвінавачванні выстаўленыя паводле ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт.
218, ч. 1 арт. 361-1, ч. 1 і ч. 2 арт. 289. Расследаваннем справы займалася
ўпраўленне КДБ па Гомельскай вобласці.
Абвінавачаны застаецца пад вартай. Яго прозвішча не называецца.