Ганна Канапацкая падала заяву ў пракуратуру на міністра аховы здароўя
Экс-дэпутатка просіць правесці праверку і прыцягнуць Уладзіміра Караніка да крымінальнай адказнасці.
![Уладзімір Каранік, фота БелТА Уладзімір Каранік, фота БелТА](/img/v1/images/000022_1586609337_386895_big.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Уладзімір Каранік, фота БелТА
Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкаяпаведаміла ў сваім фэйсбуку аб тым, што падала заяву ў Генеральную пракуратуру на міністра аховы здароўя Беларусі Уладзіміра Караніка.
Канапацкая лічыць, што, як службовая асоба, міністр вінаваты ў максімальным распаўсюджванні эпідэміі каронавіруснай інфекцыі на тэрыторыі Беларусі; таксама ён уводзіў у зман адносна захворвання і смяротнасці ад віруса сваё кіраўніцтва і прадстаўнікоў міжнародных арганізацый; дэзінфармаваў насельніцтва адносна небяспекі распаўсюджвання каронавіруснай інфекцыі.
Апроч таго Ганна Канапацкая абвінавачвае Уладзіміра Караніка ў тым, што ён не забяспечыў медперсанал сродкамі індывідуальнай абароны і не кіраваўся рэкамендацыямі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя адносна ўвядзення дыстанцыйнага навучання, забароны масавых мерапрыемстваў, увядзення мераў па сацыяльным дыстанцыяванні.
Экс-дэпутатка просіць прыцягнуць міністра да адказнасці адразу па шасці артыкулах Крымінальнага кодэкса: непрыняцце мер па ратаванні людзей (арт. 307), непаведамленне інфармацыі пра небяспеку для жыцця людзей (арт. 308), парушэнне санітарна-эпідэміялагічных, гігіенічных патрабаванняў і працэдур, вызначаных тэхнічнымі рэгламентамі, санітарных нормаў і правілаў (арт.336), службовы падлог (арт. 427), службовая халатнасць (арт. 428), злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі (арт. 424).