Ганна Севярынец: Проста адставіць былога прэзідэнта — не дапаможа

Калі б справа была толькі ў нашым былым прэзідэнце, то ўчора гэтая справа была б вырашана канчаткова, разважае на svaboda.org Ганна Севярынец.

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота, аўтар Дзмітрый Дзмітрыеў


Нелегітымны ў вачах грамадства кіраўнік, а на дадатак — неадэкватны рэальнасці чалавек, персаніфікаванае Зло, грамадзянін, які сапраўды лічыць усіх астатніх людзей тупым быдлам, вартым толькі пугі і бізуна ў выпадку непаслухмянасці, і невялікай колькасці сена і вады, калі яно пагодзіцца слухацца. На сёння не можа быць і гутаркі пра нейкія «іншыя палітычныя перакананні» ягоных прыхільнікаў, ніякіх палітычных перакананняў тут няма, кожны, хто цяпер падтрымлівае гэты мульцяшны персанаж, выводзіць сябе за межы чалавечай маралі і проста здаровага сэнсу.
Але справа не ў ім. Проста адставіць былога прэзыдэнта — не дапаможа. Бо не ў ім і справа была. Справа была ў тым, што кожны з нас так ці інакш мірыўся з гэтым Злом, так ці інакш прыстасоўваўся, так ці інакш супрацоўнічаў, на нешта заплюшчваў вочы, і я маю на ўвазе не палітычны складнік, а складнік агульначалавечы.
Калі я раней думала пра дыктатуры і дыктатараў, мне ўсё адно раз-пораз прыходзіла ў галаву наіўнае пытанне: але ж як так? Адзін дыктатар — і мільёны людзей. Чаму яны не могуць прыбраць яго адной пстрычкай, асабліва тады, калі злачынствы дыктатара становяцца масавымі і відавочнымі? Адказ просты. Дыктатар ніколі не бывае адзін.
Зло, якое ён транслюе ў грамадства праз дзяржаўныя інстытуцыі, прарастае ў кожнага з нас. Рэжым ніколі не трымаецца на адным дыктатару. Дыктатар проста як магніт: прыцягвае да сябе ўсё такое ж самае. Іх тысячы, людзей, гатовых трымаць гэты рэжым існым, няхай і лідар іхні канчаткова абсмяяны. Ім ужо няважна, дзе ён і які ён. Яны будуць трымацца сапраўды да канца, бо яны не здольныя жыць пры іншых абставінах. Зло не сканцэнтравана ў адным чалавеку. Імя яму — легіён.
Цяпер, перамагаючы персаніфікаванае зло, мы перайшлі на наступны этап — і пачалі змаганне з сапраўдным. Без гэтага змагання ніякая перамога не ўтрымаецца, і мы заўтра атрымаем сабе таго ж самага Дракона, толькі што сілы змагацца зь ім ужо не будзе.
Мы цяпер не хочам аддаваць дзяцей у школы, дзе настаўнікі фальсіфікуюць выбары. Але ўвесь гэты час мы іх туды аддавалі, у тыя школы, дзе настаўнікі крычалі на дзяцей, закідвалі іх целамі хакейныя арэны, Раўбічы і Сілічы, дзе завучыха і дырэктар дазвалялі сабе хаміць і ціснуць. Мы цяпер узбураныя міліцыяй і АМАПам, але ў нашых сем’ях, у семʼях нашых суседзяў і па сёння пануе гвалт, мы ўсё яшчэ дазваляем сабе ціснуць на дзяцей у іх самастойных рашэннях. Мы ўсё яшчэ думаем, што мы абыдземся проста адстаўкай аднаго чалавека.
Але сутнасць тых гістарычных працэсаў, якія мы з вамі запусцілі, значна глыбейшая. Менавіта таму гісторыя так і складаецца. Цяпер фронт змагання з плошчаў і вуліц распаўсюджваецца на прыватнае жыццё кожнага з нас. Мы не хацелі самі — дык мы цяпер вымушаны вырашаць маральнае пытанне «з кім я, з дабром ці са злом» проста ўнутры сваёй прыватнай біяграфіі.
Ці буду я такі ж смелы ня супраць далёкага і смешнага былога прэзідэнта — а супраць уласнага кіраўніцтва на ўласнай рабоце? Ці буду я адстойваць сваю прыватную праўду не пасярод двухсоттысячнага натоўпу, а проста кожную хвіліну на сваёй працы, дзе можна было б і адседзецца? Ці гатовы я, персанальна я, асабіста я, сказаць самому сабе і свайму асяродзю: я не са Злом, я з Дабром?
Менавіта таму гэты сюжэт складаецца так, што цяпер супрацьстаяць Злу трэба будзе не толькі на вуліцы ў вольны ад працы час — але ў бацькоўскіх супольнасцях школ і клясаў, у працоўных калектывах, дома. Мірны, спакойны, але і цвёрды, але і няўхільны пратэст супраць таго, каб кожнаму з нас быць скотам.
Я ведаю, што тое, што пачало з намі адбывацца — незваротна і скончыцца перамогай. І яна будзе хутка. Можа, не заўтра. Можа, напрыканцы восені ці на пачатку зімы. Тое, што цяпер працуе навокал — гэта настолькі маштабна, што ніхто не ў стане гэта спыніць. Я проста хачу сказаць, што цяпер мяжа Дабра і Зла пралягае не паміж пратэстоўцамі і АМАПам ля стэлы, не паміж былым прэзідэнтам і ягоным народам, яна пралягае проста ўнутры кожнага з нас.
Проста робім выбар.