Гары Паганяйла: У беларускіх уладаў палітыка з двайным дном

Юрыст Беларускага Хельсінкскага Камітэта Гары Паганяйла распавёў, чаму беларускія чыноўнікі ставяць у прыярытэт нацыянальнае заканадаўства перад міжнародным.

1z_maskaj.png

На пасяджэнні Камітэта па правах чалавека ААН афіцыйны Менск упершыню за 21 год прадставіў сваю справаздачу. Там жа была прэзентаваная і альтэрнатыўная справаздача, падрыхтаваная праваабарончай супольнасцю.

Дзяржаўныя чыноўнікі ўхіляліся ад многіх вострых пытанняў, якія задавалі ім па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, і нярэдка спасылаліся на тое, што ў краіне нацыянальнае заканадаўства мае большы прыярытэт перад міжнародным.

Гары Паганяйла распавёў пра гэта ў каментары “Радыё Рацыя”:

— Пазіцыя чыноўнікаў, МЗС і МУС насамрэч такая: маўляў, у сваіх дзеяннях яны кіруюцца нацыянальным заканадаўствам. Але, відаць, у сілу сваёй прававой неадукаванасці не разумеюць, што ўсе міжнародныя дамовы ў галіне правоў чалавека, якія падпісала Рэспубліка Беларусь і ратыфікаваны нашай дзяржавай, з’яўляюцца часткай нацыянальнага заканадаўства краіны. Гэта прама ўказана і ў Законе аб нарматыўна-прававых актах, і ў Законе аб міжнародных дамовах.

Таму чыноўнікі ўсё перакруцілі, але такая трактоўка выгодная ўладам для таго, каб апраўдваць невыкананне міжнародных нормаў і правіл.

— Праваабаронцы на гэта неаднаразова ўказваюць…

— Так, ва ўсіх нашых дакументах мы спасылаемся на гэтыя пазіцыі, спасылаемся на Канстытуцыю, у якой дакладна ўказана, што Рэспубліка Беларусь прызнае прыярытэт прынцыпаў міжнароднага права і стараецца гэтыя прынцыпы ўкараняць праз нацыянальнае заканадаўства. Гэта практыка ўсяго цывілізаванага свету, калі міжнародныя дамовы імплементуюцца ў нацыянальнае заканадаўства.

 І, паўтаруся, калі дамова ратыфікавана, то яна становіцца часткай нарматыўных актыў, якія павінны выконваць усе. Навошта было ратыфікаваць міжнародныя дамовы, калі не збіраліся іх выконваць?

Калі ўжо вырашылі будаваць цывілізаваныя стасункі з Захадам, то, як кажуць, не круціце хвастом. Зараз беларускія ўлады праводзяць палітыку з двайным дном. Еўропе спрабуюць паказаць нейкія дасягненні ў вобласці дэмакратыі, а ўнутры краіны па-ранейшаму прасуюць тую ж самую дэмакратыю.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя