Генерал Белаконеў прапанаваў забіць сто чалавек у адказ на гібель супрацоўніка КДБ

Былы кіраўнік Генштаба УС Беларусі генерал-маёр Алег Белаконеў прапанаваў забіць за аднаго загінулага супрацоўніка КДБ 20 або 100 чалавек. Пра гэта ён заявіў журналістам на цырымоніі развітання з афіцэрам спецпадраздзялення «Альфа» КДБ Дзмітрыем Федасюком.

Алег Белаконеў. Скрыншот відэа «Cпутник Беларусь»

Алег Белаконеў. Скрыншот відэа «Cпутник Беларусь»


Відэа апублікаваў «Спутник Беларусь» у сваім тэлеграм-канале, перадае REFORM.by.

«У якіх сем’ях выхоўваліся гэтыя людзі. Я лічу, мы занадта мякка паступаем з імі і да іх падобнымі. Чамусьці яны дзейнічаюць па-за рамкамі закону, а мы стараемся ўсё рабіць па законе. Па законе з імі гутарыць, па законе іх пераконваць, па законе іх угаворваць. А трэба, як Пуцін сказаў, мачыць у сарціры ўсіх: за аднаго 20, 100... Каб не было непанадна нікому. Можа быць груба, але шчыра», — сказаў былы кіраўнік Генштаба, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

Пра каго канкрэтна казаў дэпутат, зразумець без кантэксту складана. Пра саўдзельнікаў Андрэя Зельцэра нічога не паведамлялася. Магчыма, гаворка ідзе пра апанентаў улад або дзясяткі асоб, якіх арыштавалі ў апошнія дні за каментары з нагоды перастрэлкі ў мінскай кватэры, у выніку якой загінулі афіцэр «Альфы» Дзмітрый Федасюк і праграміст Андрэй Зэльцэр.