Генпракуратура прапануе абавязаць чыноўнікаў публікаваць дэкларацыю аб даходах

У якасці меры па далейшай барацьбе з карупцыяй Генеральная пракуратура прапануе ўвесці абавязковую публікацыю дэкларацый аб даходах чыноўнікаў, паведаміў у Палаце прадстаўнікоў генпракурор Аляксандр Канюк.

5j6j65j6_0.jpg

«Мы выступаем за публікацыю дэкларацый. Я не ведаю, як гэта прыме прэзідэнт. Дарэчы, прэзідэнт казаў, што людзі павінны ведаць пра чыноўнікаў, што ў іх ёсць, за кошт чаго яны жывуць, якія ў іх будынкі, машыны. Мы пакуль толькі казалі пра тое, што ў нас ёсць такая ініцыятыва. Будзем прапаноўваць законапраект», — сказаў Канюк.
Паводле яго слоў, гаворка ідзе пра чыноўнікаў усіх узроўняў, ад супрацоўніка мясцовага выканкаму да міністра, у тым ліку якія знаходзяцца ў кадравым рэестры кіраўніка дзяржавы. «І міліцыя, і пракуратура, і суды. Я ж кожны год прадстаўляю дэкларацыю аб даходах», — дадаў Канюк.
Генпракуратура таксама прапаноўвае пры прыёме на працу правяраць прэтэндэнтаў на дэтэктары хлусні.
«Навацыяй гэта не з'яўляецца. Міліцыя, напрыклад, правярае на паліграфе сваіх супрацоўнікаў, але гэта не з'яўляецца і абсалютнай панацэяй», — сказаў Канюк.
Выступаючы 19 красавіка з пасланнем народу і парламенту, Аляксандр Лукашэнка назваў карупцыю «ганебнай з'явай» і папярэдзіў, што ў выпадку здзяйснення карупцыйных злачынстваў «даравання не будзе нікому».
naviny.by