Георгій Дзмітрук: Спярша вельмі цяжка, калі ты трапляеш у чужую краіну

У Беласток надалей прыязджаюць беларусы, якія вымушаныя пакінуць сваю краіну з-за пераследу і рэпрэсій.

dzmitruk.jpg

Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Георгій Дзмітрук, які цяпер з сям’ёй жыве ў сталіцы Падляшша, распавёў «Радыё Рацыя», што плынь уцекачоў змянілася:

— Асабліва на першым этапе вельмі цяжка, калі ты трапляеш у чужую краіну. Асабліва цяжка было тым, якія ў першы час траплялі сюды нават толькі з адным заплечнікам, многія з іх без віз уцякалі. Яны ўязджалі ў краіну, атрымлівалі абарону, цяпер тут жывуць, многія ўжо вучацца. Гэта былі пераважна маладыя людзі. Цяпер трапляюць сюды тыя людзі, на якіх ідзе «паляванне», якія знаходзяцца ў цяжкіх абставінах у Беларусі. І яны вымушаныя… я б нават сказаў, выціснутыя сюды.

Аднак беларусы, якія прыязджаюць у Беласток з палітычных прычын, надалей патрабуюць дапамогі.

— Амаль кожны тыдзень мы сустракаем усё новых і новых беларусаў. Спрабуем ім дапамагчы асвоіцца тут, атрымаць першы аб’ём дапамогі, правільна аформіць дакументы, — працягвае Георгій Дзмітрук. — Па-рознаму бывае, бо розныя жыццёвыя сітуацыі. Але тут вельмі выразна праяўляецца прынцып «беларус  беларусу — беларус», гэта працуе.

Сам Георгій Дзмітрук быў вымушаны з'ехаць з роднага Кобрына пяць месяцаў таму з-за пераследу і пагрозы затрымання. З таго часу разам з сям’ёй ён жыве ў Беластоку, дапамагае суайчыннікам, якія таксама сталі хоць і часовымі, але эмігрантамі.