Германія нарэшце вырашыла перадаць Украіне зброю
Германія вырашыла перадаць Украіне 400 супрацьтанкавых гармат і некалькі гаўбіц.
Германія ўхваліла перадачу Украіне 400 супрацьтанкавых гармат нямецкай вытворчасці з Нідэрландаў і 9 гаўбіц Д-30 і боепрыпасаў з Эстоніі, паведамляе УНІАН.
Пазней канцлер Германіі Олаф Шольц напісаў: «Руская атака азначае сабой паваротны момант. Наш абавязак — зрабіць усё магчымае, каб падтрымаць Украіну ў яе абароне ад уварванага войска Пуціна. Вось чаму мы дастаўляем 1000 супрацьтанкавых сродкаў і 500 ракет Stinger нашым сябрам ва Украіне».
Гэта паваротны момант, найперш, у палітыцы Германіі. Раней яна не надавала зброю ў зоны канфліктаў. І нават перад уварваннем Расіі ва Украіну адпраўляла ва Украіну толькі каскі ды бронежылеты.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі выказаў захапленне ў сувязі з абвешчанай пастаўкай нямецкай зброі. "Германія толькі што абвясціла аб пастаўцы Украіне супрацьтанкавых гранатамётаў і ракет "Stinger". Працягвайце ў тым жа духу, канцлер Олаф Шольц! Антываенная кааліцыя дзейнічае!" — напісаў Зяленскі ў Twitter у суботу ўвечары.