Гэта жахліва! На Фунтаўскім палігоне знайшлі 60 сабак з выкалатымі вачыма
Фунтаўскі палігон, гэта могільнік пад Астраханню. Менавіта там зоаабаронцы знайшлі трупы сабак. Яшчэ больш уразіў стан жывёл, што былі ў "Экапрытулку".

Зоаабаронцы выявілі на жывёльным могільніку 60 трупаў сабак з выкалатымі вачыма, адрэзанымі насамі, лапамі і палавымі органамі. Выказаўшы здагадку, што мёртвых сабак вывез мясцовы "Экапрытулак", актывісты паехалі туды — і таксама знайшлі там трупы і знясіленых сабак.

Валанцёры забралі двух сабак у цяжкім стане, пазней адзін з іх памёр. Трыста сабак застаюцца ў прытулку. Да расследавання падключыліся МУС, Генпракуратура і Рассельгаснагляд. У мэрыі Астрахані заявілі, што паўнамоцтваў на праверку "Экапрытулку" ў іх не было, бо ён прыватны.

"Экапрытулак" пабудавалі па ініцыятыве экс-дэпутата Астраханскай гарадской думы ад "Адзінай Расеі" Андрэя Неўлюдава і адкрылі летам 2021 года. Аўтамабіль, на якім вывезлі трупы сабак, належыць жонцы Неўлюдава, паведаміў дэпутат гардумы ад "Справядлівай Расеі" Алег Шэін. Заакомплекс знаходзіцца ва ўласнасці мужа і жонкі, аднак яны сцвярджаюць, што аб'ект і аўтамабіль далі прытулку ў арэнду, і "ніякага дачынення да таго, што адбываецца, не маюць".

Адміністрацыя Астрахані і іншыя муніцыпалітэты заключылі з "Экапрытулкам" шэраг кантрактаў на суму, паводле ацэнак Шэіна, каля 80 мільёнаў рублёў. На бюджэтныя грошы прытулак павінен быў лавіць сабак, стэрылізаваць, вакцынаваць і вяртаць у асяроддзе пражывання. Па падліках Шэіна, выходзіла амаль 14 тысяч рублёў на сабаку.

"Дарэчы, вывезеныя на могільнік 60 трупаў сабак, згодна з паперамі – жывыя, здаровыя, стэрылізаваныя і зноў на свабодзе", — дадаў ён.
Зоаабаронцы маюць намер дамагчыся закрыцця "Экапрытулку".
