Гістарычны каляндар на 2014 ад “Будзьма беларусамі!” у Маладзечне раскупілі ў першы ж дзень

Не паспелі ў кнігарню завезці, як ужо няма. Праўда, усяго календароў было пяць асобнікаў. Аднак хутка прыбудзе другая партыя.



123456789_img.jpg

Кампанія “Будзьма беларусамі!” працягвае тыражаваць гісторыю ў штодзённае жыццё. “Круглы год з беларускай гісторыяй”  пад такой назвай быў выдадзены каляндар на 2014 год паводле аднайменнага анімацыйнага фільма.

Каляндар працягвае добрую традыцыю “беларускае ў простых рэчах”. Раней паводле мультфільма грамадскай кампаніяй была выкладзеная для вольнага доступу і выдадзеная лімітаваным тыражом маляванка для самых маленькіх беларусаў “Будзьма беларусікамі!”. Створаная рэжысёрам стужкі Юліяй Рудзіцкай з пераасэнсаванымі тэкстамі ад Лявона Вольскага, маляванка мела поспех сярод самай маладой аўдыторыі.

Праўда, дарослая аўдыторыя засталася незадаволеная, маўляў, “ну вось, дзеткам маляванку, а нам хоць бы каляндар які…”

Кампанія не пакінула гэта без увагі і вырашыла парадаваць дарослых беларусаў паліграфічным выданнем. Дзякуючы яму цягам года штодня з кожным уладальнікам гэтага календара будуць яскравыя селебрыці беларускай гісторыі, пераасэнсаваныя ў вершах падзеі і непарушна добры настрой.

 

Адаптацыю кадраў мультфільма для календара зрабіла Юлія Рудзіцкая, а вершы перапісаў пад каляндарны фармат Лявон Вольскі.

www.rh.by