Гісторыя паўстання 1863 году патрабуе шырокай папулярызацыі

Пра гэта заявіў навуковы сакратар грамадскага аб’яднання “Інстытут беларускай гісторыі і культуры” (Рыга, Латвія), прафесар Анатоль Тарас па выніках міжнароднай навуковай канферэнцыі “Кастусь Каліноўскі і нацыятворчы працэс у Беларусі” ў Лондане.  



anatolj_taras.jpg

Анатоль Тарас

Навукоўцы зазначылі, што гісторыя паўстання 1863 года мае шмат белых плямаў. Гаворка, між іншым, ішла і пра тое, што да гэтай пары застаюцца нявысветленымі такія пытанні, як прыналежнасць менавіта пяру Кастуся Каліноўскага сёмага нумару “Мужыцкай праўды”, дзе яна дакладна друкавалася — у Гродне, Беластоку ці Варшаве, хто ініцыяваў паўстанне ў Літве — Літоўскі правінцыйны камітэт на чале з Кастусём Каліноўскім, ці Часовы нацыянальны ўрад ў Варшаве, а таксама пра ўзровень эканамічнага стану бацькоў Кастуся Каліноўскага, сказаў Анатоль Тарас. Апроч таго, ён звярнуў увагу, што айчынныя гісторыкі пакуль не падрыхтавалі сур’ёзных абагульняючых манаграфій як па гісторыі самога паўстання, так па жыццю і дзейнасці ягонага лідара Кастуся Каліноўскага.

Разам з тым, на думку Тараса, усе гэтыя спецыяльныя даследаванні маюць важнае значэнне менавіта для прафесіяналаў-гісторыкаў і папулярызатараў мінулага, але не для шырокага кола чытачоў, якіх больш цікавіць агульная панарама паўстання, ягоныя планы, найбольш яскравыя падзеі, наступствы і характарыстыкі выбітных ўдзельнікаў.  

Прычым, як лічыць Тарас, пра ўсё пра гэта людзям трэба распавядаць не толькі цікава, але і па-новаму. Разам з бізнэсоўцамі неабходна ствараць розныя гульні, прысвечаныя паўстанню і ягонаму лідару, у тым ліку інтэрактыўныя ў інтэрнэце, зняць маштабную мастацкую кінастужку і вялікі мастацкі тэлесерыял, сказаў Тарас.

Ён падкрэсліў, што па выніках сацыялагічных апытанняў за 10 год, праведзеных НІСЭПД, лабараторыяй “Новак” і Інстытутам сацыялогіі, Кастусь Каліноўскі разам з Еўфрасінняй Полацкай і Францішкам Скарынам у большасці беларусаў устойліва асацыююцца з  Беларуссю, прычым больш за палову апытаных станоўча ставяцца да лідара паўстання 1863 г. і лічыць яго нацыянальным героем, а моладзь — сімвалам для пераймання.

Трэба дадаць, што арганізарамі канферэнцыі выступілі Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі і Англа-беларускае таварыства пры падтрымцы Універсітэцкага каледжу Лондана, Беларускай бібліятэкі і музею імя Францішка Скарыны, Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, амбасады Літвы ў Вялікабрытаніі, выданняў “Часопіс беларускіх даследаванняў” і “Belarus Digest”, Цэнтру пераходных даследаванняў і Прафесійнага саюзу беларусаў Брытаніі.

У канферэнцыі прынялі ўдзел каля 50 гісторыкаў і папулярызатараў мінулага, а таксама дыпламатаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Літвы і Польшчы. 

Па выніках канферэнцыі, што за апошнія 20 год стала буйнейшай акадэмічнай падзеяй у Лондане, прысвечанай гісторыі Беларусі, плануецца выданне спецыяльнага нумару “Часопісу беларускіх даследаванняў” на ангельскай і беларускай мовах