Гісторык Мікола Волкаў, акцыі салідарнасці з якім ладзіла Акадэмія навук, вызвалены
Супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук Мікола Волкаў быў затрыманы на праспекце Дзяржынскага ў Мінску падчас Марша герояў.
Ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Дарагія СЯБРЫ і КАЛЕГІ, вы — неверагодныя! Мяне перапаўняе мора эмоцый, бо сёння я выйшаў на волю і даведаўся пра тое, як шмат цудоўных людзей памагала і падтрымлівала маю жонку Волю (Volha Volkava). Дарагія, я ў захапленні ад вас. Нашая сіла ў гэтай моцнай салідарнасці і веры ў тое, што праўда і справядлівасць пераможа».
Волкаў адзначае, што пры затрыманні яго некалькі разоў ударылі АМАПаўцы, хаця ён не аказваў супраціўлення. «Пазней мяне перадалі міліцыі, а далей у Жодзіна. Там ужо было ўсё па-людску, таму я амаль не пацярпеў і вярнуўся дадому жывы і здаровы. Сёння быў суд — далі 10 базавых, што таксама зусім не страшна», — адзначае навуковец.
«Далей нам будзе няпроста, але ведайце, што падтрымка добрых людзей — гэта вельмі важна, нават пара добры словаў. САЛІДАРНАСЦЬ і ПАДТРЫМКА — у гэтым наша сіла!», — зазначае ён.
Мікола Волкаў абараніў кандыдацкую дысертацыю, піша доктарскую. Займаецца вайсковай гісторыяй ВКЛ, абарончымі збудаваннямі. Апублікаваў дзве манаграфіі: «Артылерыя Нясвіжскага замка» і «Слуцк на старых планах», уносіў прапановы па рэстаўрацыі замка ў Гародні. Мікола жанаты, гадуе дваіх дзяцей.
Калегі з Акадэміі навук ладзілі акцыі салідарнасці ў яго падтрымку.