«Хлеба купіць не магу». Работнікі калгаса кажуць, што яны яшчэ не атрымалі заробак за снежань

«Са снежня мінулага года нам не плацяць зарплату. Крэдыт ужо пратэрмінаваны. У мяне ідзе запазычанасць па газе. Пагражалі адрэзаць святло, прыйшлося браць у доўг грошы, каб заплаціць. Тэлебачанне заблакавана. Нават таблеткі не магу купіць», — распавядае начны вартаўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства «Літусава» ў Сенненскім раёне Уладзіслава Равяка. Па словах работнікаў, частку грошай ім перавялі ў краму на прадукты, у кошт зарплаты давалі каўбасу, а ў астатніх ўжо трэці месяц кормяць абяцаннямі.

dengi_rubli_monety_finansy7.jpg

Уладзіслава распавядае, што многія работнікі ААТ «Літусава» у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці яшчэ не атрымалі цалкам зарплату за снежань мінулага года, не кажучы ўжо аб заробку за студзень і люты гэтага, піша TUT.BY.

— Я працую вартаўніком. Працую без выходных, без святочных, з 8 вечара да 6 раніцы, гэта значыць па 10 гадзін, — кажа Уладзіслава. — Працую з напарніцай. Мы сочым за 12 аб'ектамі. Там 1060 галоў жывёлы. Мне яшчэ трэба абслужыць 224 каровы — даць корм, падшавяліць, гной счысціць. Па начах яшчэ сама прымаю ацёл. І пры гэтым я атрымліваю мінімальную зарплату — 400 рублёў. Гэта бруднымі. Раней я была даяркай, але мне зрабілі аперацыю, і цяпер я магу займацца толькі лёгкай працай. Мне ўжо 45-ы год, у моцныя гаспадаркі асабліва не хочуць браць. Там патрэбныя толькі даяркі, а я даіць не магу.

Жыццё, па словах суразмоўніцы, у яе цяпер «невыноснае». «Мы не жывем, мы выжываем», — кажа яна.

— Нам са снежня 2020 года не плацяць заробак. Кіраўніцтва кажа, што прадпрыемства неплацежаздольнае. Дырэктар наш не вінаваты, вядома, не ён грашыма распараджаецца. Ён, дарэчы, ужо ў нас сёмы, — працягвае Уладзіслава. — Даярак нашых неяк разлічылі, у мінулую суботу ім далі штосьці за снежань. Яны зусім мала атрымліваюць. У маім хляве адна толькі зарабляе 500 рублёў. Іншыя па 240 — гэта, падкрэслю, бруднымі, то бок адымаюць падатак у пенсійны.

Уладзіслава працуе ў «Літусава» ўжо 27 гадоў. Кажа, што перабоі з заробкам бывалі і раней.

— Мне за снежань засталося атрымаць 220 рублёў. Нам у кошт заробку далі каўбасу і 30% перавялі на краму. А крама ў нас таксама дарагая. Булка чорнага хлеба каштуе 1,7 рубля. Ды і што тыя 80 рублёў? Колькі на іх прадуктаў возьмеш? Цяпер я нават хлеба купіць не магу, дзеці купляюць. А як вылезці з даўгоў, я наогул не ўяўляю. А яны ўсё нарастаюць. Крэдыт ужо пратэрмінаваны. У мяне ідзе запазычанасць па газе. Мне пагражалі адрэзаць святло, прыйшлося браць у доўг грошы, каб заплаціць. Нязначная сума запазычанасці была — 22 рублі, але ўсё ж такі. Тэлебачанне ў мяне заблакавана. Я нават не ў стане сабе купіць таблеткі. У мяне 1 кастрычніка быў інфаркт. Цяпер дзеці купляюць мне лекі. Дзіця баіцца пакідаць мяне без сувязі, кладзе грошы на мабільны.

Словы Уладзіславы пацвердзіла яшчэ адна працаўніца ААТ «Літусава» Святлана. Яна сцвярджае, што за снежань ім да гэтага часу перавялі каля 12% зарплаты.

— Выплацілі іх у мінулую суботу. Грошай за студзень і люты мы яшчэ не бачылі. На гэтым тыдні абяцалі-абяцалі, што дадуць нейкія адсоткі, але так і не далі, — распавядае Святлана. — Заробкі ў нас маленькія. У некаторых па 70-80 рублёў — гэта ў жывёлагадоўлі. 100-120 рублёў, у даярак 200-250. Мінімалка рэдка ў каго. Я атрымліваю нават крыху больш мінімалкі. Частку заробку ў пачатку месяца пераводзяць у краму на прадукты. Гэта 20-30%, калі як. За студзень ужо на прадукты суму перавялі. А камуналку чым плаціць? Туды прадукты не панясеш жа.

Па словах Святланы, ёй цяпер таксама дапамагаюць дзеці. Таму што больш грошай узяць наогул няма адкуль.

— Не мы дапамагаем дзецям, а яны нам. Пераводзяць мне нейкую суму на картку, я за нешта плачу. Некаторыя наогул яшчэ ні па якіх рахунках не плацілі, лісты стосамі ляжаць пра тое, што, калі не заплацяць да вызначанага ліку, ім адключаць святло, — распавядае Святлана. — У мінулыя гады здараліся затрымкі. Але летам заробкі плацілі своечасова, восенню таксама не было такіх затрымак. У калгаса няма грошай. Нас хочуць далучыць да ААТ «Студзёнка». Некалькі дзён таму наш дырэктар сышоў, цяпер будзе хтосьці кіраўнік. Наогул у нас за апошні год змянілася з паўдзесятка дырэктараў.

На сайце kartoteka.by, на якім сабрана інфармацыя аб розных прадпрыемствах і арганізацыях, напісана, што ААТ «Літусава» з'яўляецца неплацежаздольным сельскагаспадарчым прадпрыемствам, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню ў перыяд 2019-2027 гадоў па рашэнні ад 5 красавіка 2019 года № 176.

На сайце Віцебскага аблвыканкама таксама размяшчаўся ў 2019 годзе спіс неплацежаздольных сельскагаспадарчых арганізацый Віцебскай вобласці, якія падлягаюць фінансаваму аздараўленню. У ім было 75 арганізацый, у тым ліку ААТ «Літусава». Для гэтай арганізацыі распрацавалі бізнес-план па фінансавым аздараўленні на 2019-2027 гады. Пры гэтым 7 арганізацый тады вырашылі не ўключаць у гэты пералік і рэкамендавалі ім звярнуцца ў суд з заявай аб сваёй эканамічнай неплацежаздольнасці.

У спісе даўжнікоў па ўзносах у ФСАН на пачатак гэтага года ААТ «Літусава» не значылася. Аднак не выключана, што гэта зьвязана з указам № 70 «Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці», па якому прадастаўляецца растэрміноўка пагашэння запазычанасці па плацяжах у бюджэт фонду. Менавіта сельгаспрадпрыемствы Віцебскай вобласці былі на пачатак мінулага года ў лідарах па суме запазычанасці узносаў у ФСАН. Нагадаем, работнікі арганізацый, у якіх ёсць запазычанасць у узносах у ФСАН, могуць страціць частку працоўнага стажу і пенсіі.

Мы паспрабавалі звязацца з кіраўніцтвам гаспадаркі «Літусава». Нумары тэлефонаў, якія пазначаны на сайце Сенненскага райвыканкама ў якасці кантактаў ААТ «Літусава», некалькі дзён пастаянна занятыя. У прыёмнай райвыканкама нас перанакіравалі ва ўпраўленне па сельскай гаспадарцы і харчаванні, аднак там таксама ніхто не зняў трубку.