«Хлопец з бензапілой» прызнаўся, што хацеў забіць начальніка калоніі

Казакевіч заявіў следчаму, што хацеў забіць начальніка калоніі, каб адпомсціць за дысцыплінарныя пакаранні.

kazakievicz_1310.jpg

На Уладзіслава Казакевіча, які адбывае пакаранне ў шклоўскай папраўчай калоніі №17, упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці пачало крымінальную справу за замах на забойства дзвюх асоб у сувязі з ажыццяўленнем імі службовых абавязкаў асобай, якая раней учынiла забойства.

Паведамляецца, што 12 кастрычніка каля 10.40 супрацоўнікі калоніі правяралі аператыўную інфармацыю пра наяўнасць забароненых прадметаў у камеры Казакевіча. Для гэтага асуджана вывелі з камеры для дагляду і далейшай прагулкі.

Металадэтэктар паказаў, што ў левым рукаве Казакевіча знаходзіцца металічны прадмет. Калі кантралёр скамандаваў "заставацца ў становішчы для надгляду", Казакевіч выхапіў з левага рукава самаробны нож, якім спрабаваў ударыць у грудзі аднаго з супрацоўнікаў калоніі.

Той ужыў прыёмы самаабароны, аднак зняволены паспеў параніць другога кантралёра ў галаву. Супрацоўнікі калоніі спынілі Казакевіча, пацярпелага шпіталізавалі.

На месцы следчыя забралі прыладу злачынства ды іншыя рэчавыя доказы. Падчас допыту Казакевіч заявіў следчаму, што хацеў забіць начальніка калоніі, каб адпомсціць за дысцыплінарныя пакаранні.

euroradio.fm