Хочаце праводзіць Еўрапейскія гульні — выпускайце палітвязняў!
Форум Свабоду палітвязням прыняў рашэнне выйсці 26 лютага з партрэтамі Святаслава Барановіча, Алеся Юркойця, Міхаіла Жамчужнага, іншых палітвязняў на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску.
Пра гэта паведаміў праз сваю старонку ў фейсбуку Павел Севярынец.
«Святаслава Барановіча (ён абараняў удзельнікаў недармаедскіх маршаў у 2017-ым, далі 3 гады калоніі) за прыдуманыя "парушэнні" перавялі на турэмны рэжым. Так званая "крытка". Гэта азначае, што чалавек у поўнай ізаляцыі, можа нават ня бачыць неба прынамсі год і сем месяцаў — да канца тэрміну. Святаслаў пайшоў на тры гады за кратамі, каб абараніць нас. Ці зможам мы разам падтрымаць яго?», — піша палітык.
Нагадаем, 15 сакавіка 2017 году пасля «Маршу недармаедаў» супрацоўнікі міліцыі ў цывільным спрабавалі затрымаць групу анархістаў, калі тыя сядалі ў тралейбус, каб з'ехаць з месца правядзення акцыі. Мінчанін Святаслаў Барановіч не пазнаў у асобах у цывільным міліцыянтаў і заступіўся за маладых людзей. Узнікла бойка, падчас якой Барановіч ударыў чалавека, які, як высветлілася пазней, апынуўся супрацоўнікам міліцыі. Суд Маскоўскага раёну Мінску 12 сакавіка 2018 года прысудзіў Барановіча да 3 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" і Беларускі Хельсінкскі камітэт не прызналі Святаслава Барановіча палітвязнем. Між тым, Форум “Свабоду палітвязням Беларусі” лічыць справу Святаслава Барановіча цалкам палітычна матываванай.