«Хочуць зламаць яе волю і дамагчыся поўнага падпарадкавання». Наталлю Хершэ трымаюць у карцары
Упраўленне Дэпартамента выканання пакаранняў Гомельскай вобласці паведаміла, што грамадзянку Швейцарыі, палітзняволеную Наталлю Хершэ, змясцілі ў карцар.
Пра гэта гаворыцца ў лісце, які атрымаў брат палітзняволенай Генадзь Касьян. Генадзь звярнуўся да начальніка ўпраўлення падчас «прамой» тэлефоннай лініі, піша «Радыё Свабода».
Наталля Хершэ, паводле начальніка ўпраўлення Палякова, «дапускае парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання» і за гэта прыцягваецца да дысцыплінарнай адказнасці, сярод іншага — «у выглядзе змяшчэння ў штрафны ізалятар». Наталлю Хершэ змяшчалі ў штрафны ізалятар з 6 па 23 траўня.
«Апроч таго, з 24 траўня яна зноў змешчаная ў штрафны ізалятар, у сувязі з чым не мае магчымасці накіроўваць лісты і ажыццяўляць тэлефонныя размовы», — гаворыцца ў лісце.
У Наталлі канфіскавалі газету «Новы час» і знішчылі частку лістоў
Асуджаным, якіх змясцілі ў штрафны ізалятар, забараняюцца:
- доўгія і кароткатэрміновыя спатканні,
- тэлефонныя размовы,
- набыццё харчоў і прадметаў першай неабходнасці,
- атрыманне пасылак, перадач, бандэролей і дробных пакетаў,
- адпраўленне і атрыманне лістоў.
Паводле начальніка ўпраўлення, вязням дазваляецца «без абмежаванняў» падпісвацца на газеты і часопісы за кошт уласных сродкаў звыш сум, якія вызначаны для выдаткоўвання на харчы і прадметы першай неабходнасці. Індывідуальная падпіска арганізуецца адміністрацыяй установы.
Паводле начальніка ўпраўлення, Наталля Хершэ не афармляла падпіску ў папраўчай калоніі № 4.
13 і 28 красавіка ў Наталлі Хершэ забралі тры нумары (№ 13, 14 і 16) газеты «Новы час», паводле начальніка ўпраўлення, «у сувязі з наяўнасцю ў апошніх інфармацыі па тэксце, якая прапагандуе распальванне нацыянальнай варожасці, гвалту і жорсткасці». Забраныя газеты не знішчылі, а перадалі на склад доўгага захоўвання асабістых рэчаў, якія Наталлі Хершэ выдадуць пры вызваленні.
Наталля Хершэ, паводле начальніка ўпраўлення, падчас знаходжання ў калоніі № 4 атрымлівала простыя і заказаныя лісты, з якіх «малая частка знішчаная». Лісты, якія «маюць цынічны характар», на падставе правілаў унутранага распарадку не выдаюць вязням, пра што ім паведамляецца.
«Такая карэспандэнцыя знішчалася паводле актаў, з якімі асуджаная Наталля Хершэ азнаёмілася і была згодная», — гаворыцца ў лісце.
«На Наталлю чыніцца псіхалагічны і фізічны ціск»
Брат Наталлі Хершэ Генадзь Касьян мае намер звяртацца ў Дэпартамент выканання пакаранняў і пракуратуру, бо лічыць, што правы Наталлі Хершэ ў зняволенні парушаюцца.
«Відавочна, што на Наталлю чыніцца псіхалагічны і фізічны ціск, каб зламаць яе волю і дамагчыся поўнага падпарадкавання, — кажа Генадзь. — Максімальна ў карцары вязень можа знаходзіцца толькі 10 дзён. Чаму яна спачатку адсядзела там 17 сутак, а потым зноў атрымала новыя і знаходзіцца там да гэтага часу? Гэта парушэнне».
Наталля адмовілася шыць форму для сілавікоў
Наталлю Хершэ 7 снежня пакаралі двума з паловай гадамі зняволення за супраціў супрацоўніку міліцыі (ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса). 19 верасня падчас жаночага маршу каля Камароўскага рынку 51-гадовая Хершэ сарвала балаклаву з 22-гадовага амапаўца. Паводле прысуда, яна мусіць выплаціць пацярпеламу тысячу рублёў. Сваёй віны Хершэ не прызнала. Яна адбывае пакаранне ў жаночай калоніі № 4 Гомеля.
У красавіку стала вядома, што палітзняволеная Наталля Хершэ звярнулася да прадпрыемстваў, каб яны заказалі шыць цывільнае адзенне ў гомельскай калоніі № 4, дзе яна адбывае пакаранне. Наталля заявіла, што адмаўляецца шыць форму для сілавікоў на вытворчасці ў калоніі.