Гомельскага пенсіянера затрымалі за крытыку Усебеларускага народнага сходу

Мужчыну пагражае да пяці гадоў зняволення, піша «Еўрарадыё».

Усебеларускі народны сход. Фота: president.gov.by

Усебеларускі народны сход. Фота: president.gov.by


14 студзеня ў вёсцы Церуха Гомельскага раёна міліцыя затрымала 68-гадовага Мікалая Віцікава. Сёння стала вядома, што ён арыштаваны на два месяцы па санкцыі пракуратуры. Віцікаў — падазраваны па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэкса («Распальваньне варожасці»). Яму пагражае да пяці гадоў зняволення.
Паведамляецца, што мужчына раней быў дэпутатам сельскага Савета, змагаўся за справядлівасць.
«Яшчэ летась ён запісаў свае разважанні пра Усебеларускі народны сход. А сёлета вырашыў падзяліцца імі з рэдакцыяй раённай газеты "Маяк", наколькі я ведаю», — кажа яго знаёмы.
6 студзеня ў Віцікава адбыўся ператрус. Следчыя шукалі «экстрэмізм» і пратэсную сімволіку, але нічога не знайшлі. У пастанове на ператрус было напісана, што Віцікаў «"нелицеприятно" выказаўся пра Усебеларускі народны сход».
Знаёмыя кажуць, што ў сваёй вёсцы пенсіянер хацеў арганізаваць дыялогавую пляцоўку па абмеркаванні новага праекта Канстытуцыі.
Раённая газета «Маяк» пракаментавала затрыманне Віцікава. Яго ліст з прапановамі наконт праекта Канстытуцыі названы «падобным да кляўзы», а сам ён — «сельскім правакатарам», які «разносіць свае пасквілі па ўсім раёне».