Гомельскі абласны суд разгледзіць скаргу ўдзельніка пратэстных акцый

19 жніўня абласны суд у Гомелі разгледзіць скаргу арыштаванага на 10 сутак за ўдзел у пратэстных акцыях гамяльчаніна Паўла Пагарцава. Праваабаронца Леанід Судаленка заяўляе, што гэта першы разгляд прэтэнзій палітычных арыштантаў у поствыбарчы перыяд і сённяшні вынік пакажа стаўленне ўсёй беларускай Феміды да таго, што адбываецца ў гэтыя дні ў краіне.

3722599827768858_9076873275011944644_n.jpg

Леанід Судаленка падкрэслівае, што ў скарзе суду другой інстанцыі ахвяра міліцэйскага і судовага самавольства ставіць пытанне аб адмене пастановы раённага суда аб арышце і спыненні справы. У выпадку задавальнення скаргі, ён, як і ўсе іншыя палітычныя арыштанты будуць мець права на пакрыццё шкоды ў сувязі з незаконным арыштам і змяшчэннем пад вартай.
«Заклікаю ўсіх падтрымаць сёння ў 14.30 Паўла, судовае пасяджэнне ў абласным судзе (вул. Кірава, 11) адкрытае. Ад выніку сённяшняга разгляду скаргі залежыць вельмі многае», — заклікаў прыхільнікаў пераменаў праваабаронца.
Нагадаем, Паўла Пагарцава, як і іншых затрыманых 11 жніўня ў цэнтры Гомеля даставілі ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёна. Усіх завялі на 4-й паверх, паклалі тварам на падлогу і прымусілі поўзаць, збіваючы пры гэтым гумовымі дубінамі і наносячы ўдары па целе нагамі. Тыя, хто збіваў, былі ў чорнай форме, без апазнавальных знакаў, хаваючы твары за балаклавамі.
Павел кажа, што яму дасталася асабліва пасля таго, як на чахле мабільнага людзі ў чорным убачылі налепку з гербам Пагоня. — Мяне павалілі на падлогу і пачалі зьбіваць нагамі, — сведчыць 20-гадовы жыхар Гомеля. З яго слоў, усіх прымусілі ляжаць на падлозе тварам уніз з загорнутымі назад рукамі. У такім становішчы яны правялі каля 18 гадзін. Увесь гэты час іх не кармілі.
Назаўтра, тут жа ў аддзяленні міліцыі яго, як і ўсіх іншых сталі па адным заводзіць у кабінет, дзе незнаёмы мужчына ў грамадзянскім адзенні ад імя суда Цэнтральнага раёна арыштаваў Паўла на 10 сутак. Мужчына ў грамадзянцы судзіў Паўла, нягледзячы на сляды збіцця на твары, чэрапна-мазгавую траўму і ўдар галаўнога мозгу. Пасля даставілі ў СІЗА на кніжнай У Гомелі, дзе ён правёў да абеду 14-га жніўня. Бліжэй да абеду яго нечакана адпусцілі на волю.
15 жніўня Павел прайшоў медабследаванне ў абласной бальніцы Гомеля, дзе яму пастаўлены дыягназ «чэрапна-мазгавая траўма» і «удар галаўнога мозгу». Акрамя таго, у яго зафіксаваныя шматлікія ўдары, гематомы і раны па ўсім целе і каленных суставах. У гэты ж дзень была пададзена заява ў СК аб узбуджэнні крымінальнай справы.
У цяперашні час Павел Пагарцаў шпіталізаваны ў траўматалагічнае аддзяленне першасавецкай бальніцы ў Гомелі.
Паводле gomelspring.org