Гомельскі ўнівермаг прадае атрыбуты "рускага свету"
У гомельскім універмагу можна набыць майкі з Пуціным і "зялёнымі чалавечкамі". "Почувствуй нашу вежливость" — прапануюць вытворцы прома-прадукцыі.
Насіць Пуціна на майцы — вядомы трэнд у Расіі. Праявы расійскага патрыятызму з'явіліся на паліцах Гомельскага ўнівермага, перадае "Белсат".
Дзеля справядлівасці варта заўважыць, што чэргі за "прэзідэнтам Расіі" пакуль не выстройваюцца.
"Нас ужо паклалі пад Расію, у нас няма ніякага выбару", — лічыць мясцовы жыхар.
Аднак справа не ў тым, што разам з выявай Пуціна на вуліцах беларускіх гарадоў з'явяцца "ветлівыя людзі". Сам факт наяўнасці ў продажы прадукту расійскай прапаганды, мякка
кажучы, здзіўляе. Расійскіх дызайнераў на стварэнне калекцыі натхнілі падзеі, звязаныя з акупацыяй Крыму. Гэта "рускі свет", які дакучліва лезе ў Беларусь.
"У нас ёсць свае сімвалы і героі — людзі актыўна адклікаюцца і набываюць усё што звязана з арнаментам з Пагоняй. Калі едуць у Турцыю апранаюць, каб бачылі, што я беларус, а апранаць Пуціна? Вытворчасць і дзяржаўныя прадпрыемствы таксама падтрымліваюць нацыянальны трэнд і мы павінны паказаць, што нам не трэба маек з Пуціным", — лічыць кіраўнік Арт-сядзібы Павал Белавус.
Нажаль, пакуль беларусы не вельмі актыўныя ў дэманстрацыі сваёй любові да радзімы. А вось прыхільнікі "рускага свету" адчуваюць сябе ў Беларусі ў поўнай бяспецы, не толькі раз'язджаючы на аўто з "георгіеўскімі" стужкамі, але і вывешваючы велізарны расійскі трыкалор у сябе на балконах. І гэта ў той час, як за падобную дэманстрацыю любові да нацыянальных беларускім сымбалям як мінімум вас папярэдзяць аб магчымых санкцыях, а то і адразу аштрафуюць.
Як перадае "Наша ніва", на лоджыі аднаго з жылых дамоў на вуліцы Платонава ў Мінску з'явіўся вялікі расійскі трыкалор. Праўда, сцяг вісіць дагары нагамі.