Гродзенскага журналіста будуць судзіць за салідарнасць з Алегам Сянцовым
Супраць сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Уладзіміра Хільмановіча распачалі адміністрацыйны працэс за акцыю салідарнасці з рэжысёрам Алегам Сянцовым.

30 ліпеня да журналіста наведаўся супрацоўнік аддзела прафілактыкі Ленінскага РАУС Гродна і паведаміў, што ідзе праверка па факце размяшчэння ў інтэрнэце фотаздымкаў у падтрымку зняволенага ў Расіі ўкраінскага рэжысёра Алега Сянцова.
Уладзімір Хільмановіч адмовіўся даваць пісьмовыя тлумачэнні і мяркуе, што неўзабаве атрымае позву ў суд.
13 ліпеня гродзенскі журналіст і праваабаронца прыняў удзел у міжнароднай акцыі падтрымкі ўкраінскага рэжысёра, палітвязня Алега Сянцова, які працягвае галадоўку ў расійскай калоніі.
Акцыя ў падтрымку Алега Сянцова адбывалася 13 ліпеня па ўсім свеце. Яе ўдзельнікі фатаграфаваліся каля знакавых месцаў сваіх гарадоў. Уладзімір Хільмановіч сфатаграфаваўся на фоне Барысаглебскай царквы – старажытнага сімвала Гродна.
baj.by