Гродзенскія зааабаронцы шукаюць мужчыну, які забіў на вуліцы ката
Невядомы мужчына ў сярэдзіне ліпеня ў раёне Індурскай шашы жорстка забіў жывёлу. У канцы месяца гродзенскія зааабаронцы атрымалі відэа, на якім добра бачна, як чалавек здзекуецца з ката, а пасля яго забівае. Валанцёры перадалі відэа ў міліцыю.
На відэа бачна, як мужчына перыядычна клікаў ката да сябе і гладзіў яго. У апошні раз, калі ён паклікаў жывёлу, ён яе забіў.
«Да нас звярнулася дзяўчына з відэа, на якім зафіксавана забойства ката, — распавядае кіраўнік гродзенскай заабарончай арганізацыі «След жыцця» Дар’я Рашэтнікава. — Што рабіць, яна не ведала, але хацела прыцягнуць гэтага чалавека да адказнасці.
Гэта страшна, і такая безпадстаўная жорсткасць да безабароннай істоты недапушчальная. Мы звярнуліся ў міліцыю, якая цяпер высвятляе асобу жывадзёра».
Заабаронцы просяць усіх звярнуць увагу на фота і відэа. Магчыма, вы ведаеце гэтага чалавека.
Валанцёры адзначаюць, што ўчастковы, які займаецца справай, неадкладна адрэагаваў на заяву. Ёсць верагоднасць, што мужчына, які забіў жывёлу, жыве паблізу вёсак Малахавічы і Вішнявец. Асаблівыя прыкметы: татуіроўкі на абедзвюх руках.
Калі вы апазналі мужчыну — паведаміце адміністратарам групы «След жыцця», або ў 102.
За жорсткае абыходжанне з жывёламі ў Беларусі з 2015 года ўвялі крымінальную адказнасць. За такія дзенні пагражае пазбаўленне волі да года.
Паводле hrodna.life