Гродзеншчына. Новыя пераследы за памяць

Уладам Гродзеншчыны не дае спакою святкаванне Дня памяці паўстанцаў 1863 года, якое адбылося ў Свіслацкім раёне 27 кастрычніка бягучага года.



saranchukou.jpg

Старшыня Гродзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў

Супрацоўнікі міліцыі працягваюць шукаць удзельнікаў урачыстасці, пераследуючы іх у адміністратыўным парадку. Так, 4 снежня з адміністратыўнымі пратаколамі міліцыянты азнаёмілі старшыню Гродзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзіма Саранчукова і сябра рады гарадской структуры ПБНФ Ірыну Данілоўскую. Напэўна, абодвух неўзабаве чакае выклік у Свіслацкі раённы суд.

Нагадаем, што 27 кастрычніка за выкарыстанне нацыянальнай сімволікі былі затрыманыя чатыры чалавекі з розных гарадоў, трое з якіх былі засуджаны да адміністратыўных арыштаў, яшчэ адзін — да штрафу. Пазней за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве былі аштрафаваныя трое свіслацкіх грамадскіх актывістаў — Віктар Дзясяцік, Юрый Глебік і Анатоль Валюк, яны зараз абскарджваюць рашэнне раённага суду ў абласным.

Сітуацыю каментуе праваабаронца Віктар Сазонаў: «Наступны 2013 год грамадскасць збіраецца адзначаць пад эгідай 150-х угодкаў з часу нацыянальна-вызвольнага паўстання. Відаць, улады прэвентыўна хочуць перашкодзіць гэтаму святкаванню. Тое, што адбываецца зараз вакол Дня памяці паўстанцаў у Свіслачы, з юрыдычнага гледзішча проста абсурд — па логіцы ўладаў людзі не маюць права знаходзіцца ў сваім горадзе, не маюць права прыехаць і ўскласці кветкі да помнікаў. Гэта абсалютна незаконная дыскрымінацыя грамадзян. З палітычнага ж і маральнага боку гледжання сітуацыя выглядае яшчэ горш — у 1863 годзе беларускія землі былі пад акупацыяй чужой дзяржавы, зараз жа маем суверэнную Рэспубліку Беларусь, у якой пераследуецца найперш тытульная нацыя — беларусы».


spring96.org