Гродзенская пушча паменшылася на 387 гектараў
Тэрыторыя рэспубліканскага ландшафтнага заказніка “Гродзенская пушча” змянілася як з-за дададзеных, так і з-за выключаных земляў. Новыя межы заказніка акрэслены ў пастанаўленні ўрада.

Са складу Гродзенскай пушчы выключаны землі сельгаскааператыва “Ніва-2003”. Паменшыліся тэрыторыі ляснога фонду заказніка і на 148 гектараў землі запасу.
Далучаныя да заказніка землі сельгаскааператываў “Гожа”, “Зарэчны-Агра”, ляснога фонду Гродзенскага лясгаса ў шэрагу кварталаў Аўгустоўскага лясніцтва, Сапоцкінскага лясніцтва і Гожскага лясніцтва, землі запасу — участкі рэкаў Нёман, Чорная Ганча.
Гродзенскі райвыканкам павінен у шасцімесячны тэрмін забяспечыць рэгістрацыю змененай тэрытарыяльнай адзінкі і ўсталяваць спецыяльныя інфармацыйныя знакі па межах заказніка.
Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Гродзенская пушча” быў заснаваны ў 2007 годзе. Яго мэтай з’яўляецца захаваць у натуральным стане каштоўныя прыродныя ландшафты, лясныя і лугавыя экасістэмы, дзікарослыя расліны і дзікіх жывёлаў, уключаных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Гэта тэрыторыя ўваходзіць у склад буйнога ляснога масіву на мяжы Беларусі, Літвы і Польшчы.