Хронікі ціхага супраціву: красавік. Гукаем вясну! (фота)
Напярэдадні Дня Волі некалькі дзён армія працаўнікоў камунальных служб рабіла татальную зачыстку Мінска ад любой пратэснай сімволікі. Аніводны слуп не застаўся без увагі. Некаторыя крыніцы сцвярджаюць, што гэтая праца не прыпынялася і ноччу. Вядома, сцяну можна пафарбаваць, налепку саскрэбці, сцяжок сарваць. Але што рабіць з настроем людзей, з іх думкамі ды імкненнямі?
Пра гэта не ведае ніводны кіраўнік ЖЭСа і нават ніводны міністр. Таму і нараджаюцца бессэнсоўныя загады, робіцца бессэнсоўная праца, а потым наверх ідуць справаздачы аб перамозе над налепкамі. Калі гвалтам забараняць людзям адкрыта выказваць свае думкі, то яны знайдуць іншыя шляхі, але нічога не забудуць. Шэрыя быкі пайшлі на апошні круг свайго шматгадовага карагоду. Гукаем вясну!