Хронікі ціхага супраціву: травень. Вясна «на соднях»
Як жартуюць цяпер беларусы, вясна несанкцыянавана надышла ў красавіку і атрымала содні. Сапраўды, дагэтуль было літаральна некалькі прыгожых дзён, якія адразу змяняліся халоднымі дажджамі. "Часам не да вясны"?

Але, нягледзячы на такія выбрыкі надвор'я, літаральна за тыдзень зазелянелі палі, пачалі апранацца ў белыя ўборы яблыні ды вішні.

Таксама і мы павінны прыбраць паглыбей зімовы холад у адносінах адзіны да аднаго, азірнуцца ў пошуках таго, каму патрэбныя нашы цяплыня і дапамога. Зрабіць крок да новага жыцця нескладана — дапамагчы сталай суседцы данесці прадукты з крамы, набыць пакецік корму для беспрытульнага ката ў двары, напісаць ліст да закратаванага ці неяк падтрымаць ягоную сям'ю...


Патрэбна толькі жаданне сказаць "НЕ!" абыякавасці, глупству, вар'яцтву.
Нашыя хаты больш не з краю.
Адчыняйце дзверы сваёй душы — вясна прыйшла!