Хронікі рэпрэсій. Ціханоўскага змясцілі ў ШІЗА, у Наваполацку затрымалі музыку

З дапамогай інфармацыі ад праваабаронцаў сабралі звесткі пра рэпрэсіі і палітвязняў за 28 жніўня.

photo_2022_08_28_15_51_23.jpg

Сяргея Ціханоўскага змясцілі ў ШІЗА неўзабаве пасля пераводу ў турму.

«Цяпер ён не можа карыстацца сваімі рэчамі, вымушаны спаць на голых дошках без матраца і пасцельнай бялізны, яму забаронена набываць прадукты і рэчы першай неабходнасці», — паведамляе тэлеграм-канал «Турма для жыцця».

Гэта адбылося ў Дзень народзінаў палітвязня — 18 жніўня.

Нагадаем, 14 снежня 2021 года Сяргея Ціханоўскага асудзілі да 18 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У папраўчай калоніі Ціханоўскі знаходзіўся толькі адзін месяц, а потым яму змянілі рэжым на турэмны.

Палітвязня Сяргея Ярашэвіча змяшчалі ў ШІЗА і збіраюцца перавесці ў ПКТ.

Ганна Канавалава расказала пра свайго палітзняволенага зяця. Паводле яе слоў, нядаўна тэлефанаваў бацька Сяргея і паведаміў, што яго сына змяшчалі ў штрафны ізалятар, а хутка перавядуць у ПКТ.

«У нас з ім сувязі няма, ён дасылае толькі кароткія лісты, часам нешта намалюе дзецям. Зусім нядаўна тэлефанаваў ягоны бацька і сказаў, што ён (сын) быў у ШІЗА. Цяпер яго накіроўваюць у ПКТ», — сказала Ганна Канавалава.

У траўні 2021-га Антаніну Канавалаву разам з яе мужам Сяргеем Ярашэвічам асудзілі да 5,5 гадоў калоніі па справе «Арміі з народам». Іх абвінавацілі ў «падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках» і ў «падрыхтоўцы беспарадкаў». У Антаніны і Сяргея на волі засталіся двое маленькіх дзяцей: Ваня і Насця.

27 жніўня ў Наваполацку затрымалі Захара Сабіна, гітарыста вядомага рок-гурта Detroit hills.

Па папярэдняй інфармацыі, прычынай затрымання маглі стаць рэпосты музыканта з «няправільных» каналаў.

У Гродне затрымалі дальнабойніка Андрэй Мацонка.

Праўладныя тэлеграм-каналы паведамляюць, што мужчына нібыта абражаў Лукашэнку і распаўсюдзіў асабістыя даныя міліцыянтаў.

Яму інкрымінаваны арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) и 203-1 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных).

У Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд 31-гадоваму Іллю Гольцаву. Суддзя Васіль Бягун прызнаў мужчыну вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК («Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы»).

Іллю затрымалі напрыканцы студзеня — верагодна, за каментары ў сацыяльных сетках. Вядома, што ў кастрычніку 2021 года ў судзе Савецкага раёна Гомеля Гольцаву прысудзілі штраф — 10 базавых велічынь (на той момант — 290 рублёў) паводле арт. 19.11 («Выраб, распаўсюд і захоўванне экстрэмісцкіх матэрыялаў») і арт. 24.23 («Непадпарадкаванне законным патрабаванням службовай асобы») КаАП.

29-гадовы палітвязень Андрэй Караленя 27 жніўня, у свой Дзень народзінаў, выйшаў на волю з бабруйскай калоніі № 2. Ён цалкам адбыў тэрмін.

Караленю 16 кастрычніка 2020 года асудзілі да 2 гадоў калоніі за супраціў міліцыі пры затрыманні (арт. 363 КК).

7 жніўня 2020 года ён ехаў на ровары, крыху ззаду ад калоны ўдзельнікаў пратэснага велапрабегу. Паводле следства, ён парушыў ПДР (ч. 1. 18.23 КаАП Беларусі), бо на яго транспарце не было люстэрка задняга віду і гукавога сігналу, а гэта парушэнне пункт 200 ПДР. Супрацоўнікі ДАІ запатрабавалі раварыста спыніцца, але ён не адрэагаваў, аб'ехаў міліцыянта і паехаў наперад, спрабуючы схавацца. Міліцыянты пачалі яго затрымліваць, але Андрэй упіраўся, спрабаваў вырвацца, змагаўся з імі.