Хронікі рэпрэсій. Новыя 25 гадоў Вадзіму Пракоп'еву, хапун у Баранавічах
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі за 26 снежня.
Палітзняволеная Наталля Сцепанцова — на волі
50-гадовую Наталлю ў кастрычніку 2021 года асудзілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса за абразу ўчастковага інспектара Светлагорскага РАУСа. Суд прызначыў ёй 2 гады «хіміі».
Свой тэрмін Наталля адбывала ў мінскай ПУАТ-51. Па інфармацыі «Гомельскай Вясны», на пачатку снежня палітзняволеная выйшла на волю.
Хапун у Баранавічах: затрымана не менш за восем чалавек
Сярод затрыманых — 37-гадовы Дзмітрый Міхальцэвіч, 25-гадовы Дзмітрый Філіповіч, 32-гадовы Мікалай Лосік, 31-гадовы Арцём Дзёгцеў і Іван Дрык, якому мусіць быць каля 20 гадоў.
Таксама паказалі траіх іншых затрыманых, сярод якіх ёсць зусім маладыя людзі. Усіх васьмярых вінавацяць ва ўдзеле ў пратэстах у 2020 годзе. Імаверна, вылічылі іх па відэазапісах з пратэстаў, якія дэманструюцца ў кадры.
У Лідзе барда Сяргея Чарняка адправілі за краты за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў»
Па інфармацыі «Гродзенскай Вясны», 59-гадовага Сяргея затрымалі яшчэ два тыдні таму наўпрост на працы. У суд яго везлі ў кайданках на падлозе службовага буса. Але адтуль у кардыялогію яго забрала хуткая дапамога, бо Чарняку стала кепска з сэрцам.
Цяпер Чарняка зноў затрымалі. У судзе Лідскага раёна 20 снежня суддзя Наталля Лобан прызначыла яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП). Навагоднія святы Сяргей правядзе за кратамі, а на волю па сканчэнні тэрміну павінен выйсці толькі 3 студзеня.
ГУБАЗіК затрымаў вядоўцу мерапрыемстваў Сяргея Туманава
На «пакаяльным відэа» ён кажа, што «падтрымліваў пратэсныя настроі», а таксама ў 2020 годзе «быў падпісаны на дэструктыўныя каналы, у якіх патрабаваў прызнаць АМАП і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі».
Вадзіма Пракоп'ева асудзілі завочна другі раз да 25 гадоў калоніі
Брэсцкі абласны суд другі раз асудзіў завочна бізнесмена Вадзіма Пракоп'ева да 25 гадоў калоніі і штрафу ў 37 тысяч рублёў (1000 базавых велічынь) з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем функцый прадстаўніка ўлады, на пяць гадоў.
Яго абвінавацілі паводле артыкулаў аб «распальванні іншай сацыяльнай варожасці» (ч.1 арт.130 КК), «удзеле ва ўзброеным фарміраванні на тэрыторыі іншай дзяржавы» (ч.3 арт.361 КК), «паклёпе на Лукашэнку» (ч.2 арт.367 КК), «абразе Лукашэнкі і прадстаўніка ўлады» (ч.1 і 2 арт.368, арт.369 КК). Справу разглядала Святлана Крамянёўская.
У чэрвені 2023 года Вадзім ужо быў асуджаны завочна да 25 гадоў калоніі, штраф у адну тысячу базавых велічынь, пазбаўлены ўсіх воінскіх званняў.